Маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва падала наглядную скаргу

"Суддзя, які нас прымаў, хацелася б думаць, што ён сур'ёзна паставіцца да гэтай справы. Але ён нават не падымаў вочы. Машынальна праглядзеў, і то — толькі папярэднюю скаргу. Сказаў, што скарга прынятая", — кажа Любоў Кавалёва.

У скарзе больш за 50 старонак. Там пералічваюцца ўсе парушэнні крымінальна-працэсуальнага кодэкса. У дакуменце — згадваюцца хадайніцтвы адваката, якія адхіліў суд, парушэнні права на абарону, калі адваката не пускалі ў СІЗА. А таксама парушэнне права на абскарджанне, калі Кавалёву не далі магчымасці сустрэцца і падпісаць скаргу напярэдадні смяротнага пакарання.

У скарзе ўказваюцца факты адсутнасці слядоў выбуховых рэчываў, дадаюцца стоп-кадры відэазапісу, які не дазволілі адвакату пракаментаваць у судзе, факты парушэння выемкі відэа з метро.

Любоў Кавалёва адзначае ў скарзе, што сваім рашэннем суд пасеяў у грамадстве страх недаверу да судовай сістэмы. Адказ на скаргу мусіць прыйсці на працягу месяца.

Нагадаем, асуджаныя за выбух у мінскім метро Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў былі расстраляныя 15 сакавіка 2012 года. У гэты дзень адвакат спрабаваў сустрэцца з Уладзіславам, каб скласці тэкст нагляднай скаргі.

Фота — belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі