Мікалай Лазавік не паедзе ў Вену на канферэнцыю АБСЕ
Хаця афіцыйнае запрашэнне сакратар Цэнтравыбаркаму атрымаў. Як і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
У гутарцы з агенцтвам БелаПАН Лазавік пацвердзіў, што ён і старшыня ЦВК атрымалі запрашэнні на канферэнцыю Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) "Дэмакратычныя выбары і назіранне за імі". Канферэнцыя пройдзе 12—13 ліпеня ў Вене.
На яе паедзе Лідзія Ярмошына. А Мікалай Лазавік на час яе адсутнасці застанецца кіраваць Цэнтравыбаркамам напярэдадні вераснёўскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў.
Па словах Лазавіка, кіраўніцтва ЦВК Беларусі ўдзельнічала ў падобных канферэнцыях і ў мінулыя гады. Аднак пасля ўнясення ў "чорныя спісы" Еўрасаюза з такімі паездкамі пачаліся праблемы. Лазавік кажа, што летась ён не змог прыняць удзел у сустрэчы кіраўнікоў цэнтравыбаркамаў у Малдове.
Сёлета, на яго думку, кіраўніцтва АБСЕ запрасіла кіраўнікоў беларускага ЦВК, бо хоча атрымаць запрашэнне для назірання за выбарамі ў Беларусі.
Фота — bymedia.net