Міліцыя: Далейшыя адносіны з Хамічэнкам будуць будавацца на даверы
Як даведалася Еўрарадыё, Уладзімір Хамічэнка начуе ў сябра і дагэтуль не набыў мабільнік. Затое, пакуль “навушнік” сядзеў у турме, міліцыя знайшла яго пашпарт.
Уладзімір “навушнік” Хамічэнка, адзін з асуджаных пасля падзеяў 19 снежня і памілаваных Аляксандрам Лукашэнкам, быццам бы нікуды і не знікаў. Паводле звестак праваахоўнікаў, 15 жніўня ён з’явіўся ў Слуцку, а на наступны дзень зарэгістраваўся ў міліцыі.
“Ён мусіў прыйсці ў міліцыю па месцы жыхарства цягам 3 сутак. І ён прыйшоў, паказаўся. Нічога не парушыў”, — распавёў Еўрарадыё начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Данільчанка.
За тры дні, адведзеныя амніставанаму вязню для рэгістрацыі, Уладзімір Хамічэнка не прыехаў ні да слуцкай цёткі, ні да сястры, якая жыве ў Капылі. Еўрарадыё шукала яго там безвынікова.
Аляксандр Данільчанка: “Ён быў у Слуцку. Па яго словах, пражываў у сябра”.
Слуцкая міліцыя сустрэла Хамічэнку не з пустымі рукамі. Амніставанаму вязню вярнулі пашпарт, які ён паспеў страціць за кароткі прамежак часу паміж вызваленнем з-за кратаў улетку 2011 года і затрыманнем пасля падзеяў 19 снежня.
Аляксандр Данільчанка: “Ён раней згубіў пашпарт. А пакуль ён адбываў пакаранне, нехта яго знайшоў. І прынёс у міліцыю. І, калі Хамічэнка вярнуўся, яму яго пашпарт аддалі”.
Аляксандр Данільчанка кажа, што форма кантролю за Хамічэнкам пакуль што не вызначаная.
“Дакладна магу сказаць, што яго не будуць абмяжоўваць у правах. Каб ён не бадзяўся без справы, слуцкі Цэнтр занятасці прапануе яму варыянты працаўладкавання. Калі ён не зможа працаваць па прапанаваных спецыяльнасцях ці не будзе такімі спецыяльнасцямі валодаць — прапануюць перавучыцца. Як і любому, хто вызваліўся з-за кратаў. А наконт нагляду я на сённяшні дзень вам як афіцыйная асоба нічога сказаць не магу. Будзе нагляд ці не будзе — гэта вырашыцца ў бліжэйшы час”.
Уладзімір Хамічэнка сапраўды можа адчуваць сябе свабодным: прынамсі, пакуль што міліцыю задавальняюць прыкладныя звесткі наконт таго, дзе ён знаходзіцца. Пры гэтым мабільнай сувязі з “навушнікам” няма.
“Далейшыя адносіны Хамічэнкі і міліцыі будуць будавацца на даверы. Хамічэнка выканаў усе фармальнасці, звязаныя з яго памілаваннем. Мы са свайго боку забяспечым яму выкананне яго правоў, як і ў кожным іншым выпадку. Калі чалавек трывала стаіць на ўліку (напрыклад, мы ведаем, што ён схільны да дэбошаў ці неаднаразова трапляўся) — да яго ходзяць і правяраюць. Сёння ўмовы, на якіх вызвалены Хамічэнка, іншыя. Ну і, натуральна, міліцыя не можа прымусіць яго набыць мабільны тэлефон. Гэтак жа сама, як мы не можам указаць яму, дзе жыць. Кожны выбірае сам. А ён дакладна кажа: я буду знаходзіцца ці тут, ці тут. Яго адзначылі, што ён будзе ці ў сябра, ці ў іншым месцы”, — працягвае Аляксандр Данільчанка.
Тым часам слуцкая кватэра, у якой зарэгістраваны Уладзімір Хамічэнка, па-ранейшаму стаіць пустая. Суседка кажа, што, акрамя міліцыянта, які шукаў Хамічэнку, апошнім часам ніхто там не з’яўляўся.
“Ніякага тут руху няма. Яго шукаў міліцыянт: участковы ці нехта, хто займаецца справамі вызваленых з-за кратаў. А на дзвярах кватэры дагэтуль засталіся пломбы з тых часоў, як яго забіралі. У доме ў нашым усё ціха, ніхто тут не бывае”.