Мінчукі першымі ўбачаць “Брусель” Вакарчука

120124 Malina Vakr4uk.mp3

Праграма прэзентацыі “Бруселя” ў Мінску будзе складацца не толькі з песень, запісаных на пласцінцы, абяцаюць музыканты. Акрамя кампазіцый у выкананні Святаслава Вакарчука, гледачы пачуюць песні другога вакаліста праекту Сяргея Бабкіна.

“На канцэрце будзе больш яго песень, – распавядае Вакарчук. - Шмат хто пытаўся, чаму на пласцінцы так мала песень у выкананні Бабкіна, але вось так паспелі зрабіць. Мы ўвогуле збіраемся пашыраць праграму, там будуць не толькі 12 песень з пласцінкі”.

Нягледзячы на тое, што ў складзе “Бруселя” задзейнічаная частка музыкантаў з першага складу Океана Ельзи, старых “акеанаэльзаўскіх” баевікоў падчас канцэрту чакаць не варта, жартам “папярэджвае” Святаслаў.

“Мы пакуль дамовіліся нічога хітовага ці праверанага з асноўных нашых метрапалічных гуртоў не граць. Але паглядзім, мы вырашылі не загадваць наперад. Мабыць, мы сыграем што-небудзь незвычайнае, што не ўваходзіць у “Брусель”. Дарэчы, мінскі канцэрт будзе першым ў туры – і я не ведаю пакуль, радавацца вам ці сумаваць, – смяецца Святаслаў. – Але думаю, што радавацца – усё ж такі, гэта будуць самыя свежыя эмоцыі!”

Нагадаем, сольны праект лідэра Океана Ельзи убачыў свет месяц таму. Для ўдзелу ў “Бруселі” Святаслаў Вакарчук запрасіў лепшых музыкантаў УкраіныСяргея Бабкіна (ех-5’nizza), Змітра Шурава (ех-Океан Ельзи, Земфіра), вядомага бубнача Максіма Малышава і гітарыста "Океана Ельзи" Пятра Чарняўскага. Прэзентацыя праекта “Брусель” упершыню адбылася ў жывым эфіры на канале YouTube.

Канцэрт адбудзецца ў сталічным Палацы Рэспублікі 11 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі