Мінская міліцыя просіць дэсантнікаў 2 жніўня паводзіць сябе годна
Напярэдадні Дня паветрана-дэсантных войскаў — Дня дэсантніка сталічная міліцыя звярнулася да былых і дзейных ваеннаслужачых гэтага роду войскаў.
Праваахоўнікі папярэджваюць, што 2 жніўня мінская міліцыя будзе забяспечваць ахову грамадскага парадку з прыцягненнем дадатковых нарадаў. Асноўныя намаганні сталічных праваахоўных органаў будуць сканцэнтраваны на арганізацыі бяспекі ў месцах вялікай колькасці грамадзян і ў месцах масавага адпачынку, а таксама на недапушчэнні правапарушэнняў і злачынстваў.
"Напярэдадні свята хацелася б нагадаць былым і дзейным дэсантнікам пра тое, што прыналежнасць да гэтага элітнага роду войскаў абавязвае да правамерных, годных, належных паводзін", — цытуе паведамленні міліцыі БелаПАН.
Фота — bymedia.net