Місія МВФ працягне вывучаць эканамічную палітыку ўладаў Беларусі
У Мінск прыехала трэцяя місія Міжнароднага валютнага фонду пад кіраўніцтвам Дэвіда Хофмана. Яна будзе працаваць з 18 па 29 кастрычніка.
Як паведамляе БЕЛТА, мэта місіі МВФ — чарговы маніторынг беларускай эканомікі. Пасля заканчэння працы справаздача будзе абмяркоўвацца саветам дырэктароў фонду.
Падчас візіту місіі адбудуцца сустрэчы прадстаўнікоў МВФ і прадстаўнікоў уладаў Беларусі. Яны абмяркуюць эканамічную палітыку і перспектывы развіцця нацыянальнай эканомікі ў 2013 годзе.
Нагадаем, Беларусь у 2009-2010 гадах рэалізавала праграму stand-by, якая была падтрыманая крэдытам МВФ на 3 млрд 600 млн долараў. Беларускі бок неаднаразова заяўляў аб зацікаўленасці ў рэалізацыі новай праграмы з Міжнародным валютным фондам, але выніку ў гэтым пакуль не дасягнуў.