“МТБанк”: Уцечка інфармацыі адбылася з сервераў хостэра!

Увечары 10 жніўня ў інтэрнэце ў адкрытым доступе з’явіліся канфідэнцыйныя звесткі, якія людзі перадалі аднаму з беларускіх камерцыйных банкаў — “МТБанку”. Сярод іх былі анкеты на атрыманне крэдытаў і на адкрыццё пластыкавых картак, якія змяшчалі імёны і прозвішчы, пашпартныя звесткі, адрэсы, нумары мабільных тэлефонаў, кодавыя словы. Па розных ацэнках, у сеціва трапіла каля 5000 такіх анкет.

Сказаць, ці сталі падаўцы анкет кліентамі банка, невядома, — апраўдваюцца ва ўпраўленні маркетынга “МТБанка”:

“Гаворка ідзе не пра спіс кліентаў “МТБанка”, а пра спіс фізічных асобаў, якія звярнуліся на сайт банка, каб запоўніць папярэднія электронныя заявы”, — паведаміла Еўрарадыё начальнік упраўлення маркетынга "МТБанка" Вольга Канановіч.

“МТБанк” выбачаецца перад людзьмі за тое, што адбылося, і паведамляе, што ў банку распачатае ўнутранае разбіральніцтва. У "МТБанку" падзяляюць адказнасць за тое, што адбылося. Але Вольга Канановіч падкрэслівае: уцечка інфармацыі адбылася са знешніх сервераў.

“Гэтая інфармацыя стала дасяжнай не з унутраных сервераў банка, дзе захоўваецца інфармацыя пра кліентаў, і абарона якіх забяспечваецца ў поўным аб’ёме, а са знешніх сервераў кампаніі-падрадчыка, якая аказвае паслугі хостынга сайта банка” .

Учора каля 18:30 праца сайта “МТБанка” была часова перапыненая. Зараз хіба выпраўленая, і сайт працуе ізноў. Але анкеты па-ранейшаму адкрываюцца з кэшу кампутараў, на якіх яны былі адкрытыя ўчора.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі