Мясніковіч забараніў “чарнілы”, якія ніхто не вырабляе

121122_luka6uk_4arnila.mp3

"Мы прынялі рашэнне, што гэтых (ардынарных пладова-ягадных. — Еўрарадыё) вінаў з 1 студзеня 2013 года не будзе ў продажы і ў вытворчасці", — заявіў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падчас адкрыцця гандлёва-лагістычнага цэнтра РУП "Мінск Крышталь" у Калядзічах.


Маўляў, застануцца выключна “пладова-ягадныя віны палепшанай якасці, а таксама віно марачнага класа”. Што ж гэта за ардынарныя віны, ад якіх аматарам таннага і смачнага алкаголю давядзецца адмовіцца, і чым яны адрозніваюцца ад вінаў з тых жа яблыкаў, але “палепшанай якасці”?


“Розніца ў браджэнні: гэтыя (ардынарныя. — Еўрарадыё) зброджваюцца да 5 градусаў і дадаецца спірт, а палепшаныя — да 10. І больш складаны працэс браджэння”, — тлумачыць Еўрарадыё дырэктар прадпрыемства “Ілаўскае” Андрэй Януковіч.


Вось толькі ад вырабу ардынарных він на “Ілаўскім” практычна адмовіліся амаль год таму! Да апошняга часу, праўда, выраблялі адно такое віно, але выключна таму, што не ведалі, як дурніцы  “вытрымаюць” браджэнне да 10 градусаў.


Андрэй Януковіч: “З дурніцаў — сёння яно ў нас ардынарнае віно. Але праводзім эксперыменты, ці змогуць дурніцы збрадзіць да 10%. У нас у Беларусі больш за 10 ягадаў, і кожныя сябе па-рознаму паводзяць: чорныя парэчкі лепш становяцца (ад даўжэйшага браджэння. — Еўрарадыё), а чарніцы, нібыта, — горш”.


Але віна з самага распаўсюджанага прадукта — яблыка — забарона Саўміна ў любым выпадку ніяк тычыцца. Бо з яблыкаў не першы месяц вырабляюць выключна віно палепшанай якасці. "Практычна — партвейн!" — упэўнівае Еўрарадыё дырэктар віна-гарэлачнага завода “Колас” Сяргей Сячко.


Сяргей Сячко: “Віно не палепшанай якасці (з яблыкаў. — Еўрарадыё) сёння ніхто ўжо не вырабляе. Сёння ўсе вырабляюць віны палепшанай якасці паводле спецтэхналогій. А спецтэхналогіі — гэта тая ж самая партвейнізацыя віна!”


Тое, што пагрозы Мясніковіча нічога не зменяць на паліцах віна-гарэлачных аддзелаў крам, пацвярджае нам і начальнік каардынацыі і развіцця алкагольнай, плодаагародніннай і крухмалапатачнай галін Белдзяржхарчпрама Аляксандр Арэхаў.


Аляксандр Арэхаў: “Практычна няма, хто вырабляе (ардынарныя віны. — Еўрарадыё), ужо няма, можна так казаць. Усё было падрыхтавана і запланавана — прадпрыемствы перайшлі на палепшанае, на, паводле спецыяльных тэхналогій, марачнае”.


Нашы “яблычныя партвейны” нічым не адрозніваюцца па якасці ад крымскіх партвейнаў з вінаграда, упэўнівае Янукевіч. Так што набытыя сёлета віннымі заводамі мільёны тон яблык і выдаткаваныя на гэта мільярды рублёў не прападуць — усё пойдзе на выраб “чарнілаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі