МЗС Польшчы: Шкоды ад папераў, якія мы даслалі поштай, не будзе
Знешнепалітычнае ведамства Польшчы пракаментавала змест фінансавых дакументаў, якія поштай(!) атрымалі беларускія апазіцыянеры.
“Невялікая сума (менш за 600 злотых) выплачаная беларускім незалежным актывістам за ўдзел у канферэнцыі грамадзянскай супольнасці ў межах саміта Усходняга партнёрства ў верасні 2011 года. Гэтыя сутачныя атрымалі толькі некалькі чалавек. Выплата такой дапамогі для ўдзельнікаў канферэнцыі, у тым ліку і з Беларусі, гэта пастаянная практыка”, ― гаворыцца ў афіцыйным паведамленні, размешчаным на сайце МЗС Польшчы.
У МЗС мяркуюць, што скарыстаць звесткі пра гэтыя сутачныя для афіцыйнай прапаганды ў Беларусі немагчыма: “Параўноўваць гэтую дапамогу з грашыма, змешчанымі на рахунку Алеся Бяляцкага, увогуле неразумна”.
МЗС падкрэслівае, што сутачныя выплочваліся беларускім ўдзельнікам канферэнцый і раней, але ні для каго з іх гэта не зрабілася нагодай для праблемаў з боку беларускіх уладаў.