На Дні Нараджэння "Воплей Відоплясова" можна будзе прытанцоўваць седзячы

111128 Sviardlou Vopli.mp3

“Воплі Відоплясова” распачалі шэраг канцэртаў, прымеркаваных да 25-годдзя гурта. Нядаўна яны адыгралі вялікі юбілейны канцэрт у Кіеве, а зараз актыўна рыхтуюцца да выступу ў Мінску.

Паколькі, кажа фронтмэн “Вопляў” Алег Скрыпка, гурт мае міжнародную геаграфію канцэртнай дзейнасці, выступам на Радзіме музыканты вырашылі не абмяжоўвацца. Ды і прыязджаць у Беларусь – суцэльнае свята!

“Так гістарычна склалася, што ў Беларусі нас вельмі добра прымалі, асабліва ў Мінску. І заўжды нашы канцэрты праходзілі вельмі здорава. У нас тут ёсць свой слухач і свой глядач. Таму узнікла ідэя, зладзіць наш юбілей у Мінску. Мы спадзяемся, што ўсё пройдзе вельмі паспяхова. Падрыхтуем некалькі цікавых сюрпрызаў і тэхнічных прыёмаў!” – інтрыгуе Скрыпка.

Частка беларускіх фанатаў гурта засталася расчараванай, калі даведалася, што зала, у якой мусіць выступіць “Воплі Відоплясова” – Палац Рэспублікі. Маўляў, дзе ж там патанчыш? Але і гэты момант гурт прадумаў – сумна не будзе, абяцае Алег Скрыпка.

“У нас ёсць досвед працы ў акадэмічных залах, і там таксама можна зладзіць класны выступ!Мы нададзім аркестравасці і пампезнасці нашаму выступу, і гледачам можна будзе прытанцоўваць на месцы: падскокваць, прыплясваць, хлопаць рукамі, спяваць”.

У канцэрце возьме удзел і яшчэ адзін праект Алега Скрыпкі“Le Grand Orchestra”, які будзе суправаджаць амаль увесь выступ “Воплі Відоплясова”.

“Так народнымі інструментамі і народным хорам мы ўзбагацім гучанне “Вопляў Відоплясова, – тлумачыць Скрыпка.

Нагадаем, да свайго 25-гадовага юбілею “Воплі” зладзілі конкурс на лепшае выкананне сваіх песень прыхільнікамі іх творчасці. Па выніках конкурсу гурт адбярэ лепшыя песні ды выпусціць пласцінку кавераў-прысвячэнняў самім сабе. А лепшыя з лепшых удзельнікаў маюць магчымасць праспяваць песні “Вопляў Відоплясова” разам з музыкамі падчас канцэртаў. Як высветлілася, у беларусаў такіх шанцаў больш за ўсіх.

“Шанец у беларусаў выступіць з намі не тое, што ёсць, а гэта сто адсоткаў адбудзецца. Таму што ў нас ужо ёсць больш за сотню добрых кавераў, і з іх недзе паўтара-два дзясяткі менавіта з Беларусі. Беларусы самымі першымі адгукнуліся і былі самымі актыўнымі. Я бачыў два рымэйкі – яны вельмі паспяховыя і вельмі добрыя, яны дакладна будуць на канцэрце”.


Хто ж гэтыя шчасліўчыкі, якія выйдуць на сцэну і спяюць разам з "Воплямі" на канцэрце ў Мінску, Алег Скрыпка пакінуў пакуль што ў сакрэце. Паведаміў толькі, што адзін з калектываў-удзельнікаў – прафесійны, а другі – аматарскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі