На Еўрабачанне ад Беларусі паедзе Алёна Ланская

“Я ставіла сабе мэту паказаць тое, што я ўмею. Дзякуй за тое, што вам спадабалася і вы мяне падтрымалі. Мы едзем у Швецыю!!!” – так адрэагавала спявачка на чаканую для многіх перамогу.

Апроч пуцёўкі на “Еўрабачанне” Алёна Ланская атрымала адмысловы прыз ад Белтэлерадыёкампаніі - шкляное "еўравізійнае" сэрца, якое ёй уручыў Генадзь Давыдзька. Старшыня кампаніі зазначыў, што сёлета ў фінале сабраліся толькі моцныя выканаўцы:

“Не было ніводнага сярэдняга нумару – усе нумары цудоўныя. Я хачу павіншаваць вельмі чыстую, працаздольную, сапраўдную артыстку з перамогай! Ты гэтае сэрца заслужыла”.

На другім месцы апынулася песні гурта Nuteki, на трэцім – твор байца і артыста Стаса Сацуры.

У 10-м юбілейным фінале беларускага адбору на “Еўрабачанне-2013” выступілі 10 удзельнікаў. На суд гледачоў і журы было прадстаўлена 10 англамоўных рознажанравых кампазіцый. Варта адзначыць, што сёлетнія выступоўцы фіналу шмат увагі надавалі менавіта шоў, часцяком забываючыся на якасць песні. Праўда, у асноўным нумары ўпрыгожваў  даволі прадказальны набор спецэфектаў. Здзівілі, хіба Nuteki са сваёй срэбранай пачварай на хадуляй і спявак Юзары, які прычапіў сабе бутафорскія вушы. Парадаваў і сябра журы Уладзімір Кубышкін – ён прыйшоў на фінал у цішотцы, што прапагандавала канкурсанта Віталя Варанко.

Дарэчы, упершыню ў гісторыі беларускага “Еўрабачання” журы паўсталі ў мега-пашыраным складзе: ад прадзюсараў і журналістаў да дырыжораў і чыноўнікаў. Сярод іх - Уладзімір Максімкаў, Марыяна Мальчык, Уладзімір Кубышкін, Вікторыя Папова, Аляксандр Мяжэнны, Ларыса Мурашка, Уладзімір Угольнік, Андрэй Халадзінскі і іншыя.

Нагадаем, гэта будзе другая спроба ўдзелу Ланской у Еўрабачанні. У мінулым годзе спявачка ўжо была абраная пераможцай "Еўрафэста", аднак вынікі галасавання апынуліся сфальсіфікаванымі. У выніку ад Беларусі ў Баку выступалі Litesound.

“Еўрабачанне-2013” пройдзе ўвесну ў шведскім Мальмё.

Фота прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі