На начальніка і правадніцу варшаўскага цягніка пачалі крымінальную справу
Іх падазраюць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Абедзве жанчыны — жыхаркі сталіцы, працуюць ў Мінскім аддзяленні Беларускай чыгункі. Пасля першапачатковага допыту іх адпусцілі дадому, паведамляе сайт tomin.by.
Нагадаем, што 29 жніўня ў Брэсце затрымалі начальніка цягніка і правадніцу 4-га вагона па абвінавачванні ў атрыманні хабару. Таксама супрацоўнікі Аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю знялі з цягніка 12 пасажыраў, якія ехалі без квіткоў. Праваахоўнікі сцвярджаюць, што пасажыры плацілі грошы за праезд начальніку цягніка.
Паводле папярэдніх звестак, начальнік цягніка і правадніца незаконна атрымалі амаль 500 долараў. Калі іх віна будзе даказаная, то ім пагражае тэрмін ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Фота — nashpoezd.narod.ru