На прэзентацыі “Futuremental” Yellow Brick Road будуць замбаваць публіку
Еўрарадыё зазірнула на генеральную рэпетыцыю гурта, каб распавесці вам пра фінальную падрыхтоўку да канцэрта-містыфікацыі.
“У нас будуць сапраўдныя зомба-машыны, якія будуць замбаваць людзей. І гэта праўда! — інтрыгуе лідар гурта Ян Максімовіч. — Іх будзе дзве, і яны будуць стаяць вакол сцэны. Але не хвалюйцеся, яны настроеныя “па-добраму”! Гэта вельмі цікавыя апараты, але як яны выглядаюць, гледачы дазнаюцца непасрэдна на канцэрце. Адно скажу — вачэй не адарваць!”
“Замбаваныя” людзі мусяць “упасці” у стан захаплення, а дапамогуць гэтаму і адмысловыя ультранізкія і ультравысокія гукі, якія музыкі таксама збіраюцца выкарыстаць у сваім гіпнатычным шоў.
Тым часам фанаты і сябры гурта развучваюць песні “Futuremental” і рыхтуюць адмысловы флэшмоб, які будзе праведзены падчас прэзентацыі. Акрамя гэтага музыкі падаруюць усім прысутным рознакаляровыя бранзалеты, якія свецяцца ў цемры. Уся дзея будзе суправаджацца відэаінсталяцыяй і здымацца на 10 камер для будучага DVD!
Да таго ж, Еўрарадыё адным вокам падглядзела на дзівосныя касцюмы Yellow Brick Road, дэкарацыі і дазналася пра сюрпрызы, якія гурт рыхтуе да выступу. Але пра ўсё гэта даведаецеся ўжо самі! А тым часам нагадваем, што прэзентацыя трэцяга студыйнага альбома “Futuremental” ад Yellow Brick Road адбудзецца сёння, 28-га снежня, а 19-ай гадзіне. Квітком на імпрэзу з’яўляецца альбом “Futuremental”. Глядзіце фота з рэпетыцыі Yellow Brick Road і рыхтуйце далоні: музыкі абяцаюць – будзе горача!