На прэзідэнцкіх выбарах-2015 нас ізноў чакае “парад кандыдатаў”?
У адмове ад прэзідэнцкіх амбіцый прызнаецца толькі экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук.
Хто будзе супернікам дзеючага кіраўніка краіны ці яго пераемніка на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года? Паводле даўняй завядзёнкі, першым аб сваіх амбіцыях заявіў лідар ліберал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч. Як звычайна, сцвярджае, што канкурэнтаў у яго няма.
Сяргей Гайдукевіч: “Мы хочам ужо ў 2013 годзе вылучэнне прайсці, штабы ствараць. А ў іх — да 2015 года ніхто не вызначыцца! Ніякіх адзіных кандыдатаў не будзе, ізноў усе перасварацца, адзін аднаго абвінавацяць. Нам ніякага адзінага не трэба — у нас кандыдат ёсць!”.
Гайдукевіч не выключае, што Аляксандра Лукашэнку “забяруць” у Еўразійскі саюз і ён не будзе балатавацца на наступных выбарах. Апазіцыі за перамогу давядзецца змагацца з лідарам ЛДП. А ён, нібыта, іх яшчэ і аплачваць будзе.
Але ці будзе каму з Гайдукевічам змагацца? Ніхто з палітыкаў свае “прэзідэнцкія” планы не заяўляў. Нават Уладзімір Някляеў асцярожны:
Уладзімір Някляеў: “Я не магу сказаць, што канкрэтна будзе пад 2015 год з Уладзімірам Някляевым, буду я на волі ці ў няволі. Але тое, што грамадзянская кампанія будзе браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, — пра гэта магу заявіць адназначна”.
Адзіны кандыдат — пажадана, але наколькі верагодна? — сумняваецца Някляеў.
Будзе на выбарах і кандыдат ад Партыі БНФ, упэўнівае Еўрарадыё Рыгор Кастусёў. Верагодней за ўсё, ім стане старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Але, цяжка ўздыхае Кастусёў, калі партыя палічыць патрэбным накіраваць балатавацца яго, то падпарадкуецца і пойдзе.
Не выключана, што ў спісах кандыдатаў з’явіцца і прозвішча Аляксандра Мілінкевіча, дзеліцца з Еўрарадыё прагнозамі на 2015 год намеснік лідара руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.
Юрась Губарэвіч: “Мы не выключаем магчымасці ўдзелу Мілінкевіча ў якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах — ён вельмі канкурэнтаздольная фігура”.
Але найперш “рухаўцы” будуць імкнуцца да абрання адзінага кандыдата. І Мілінкевіч, нібыта, згодны працаваць на іншага палітыка, калі той выявіцца яшчэ больш "канкурэнтаздольнай фігурай". І экс-кандыдат Віталь Рымашэўскі тое самае гаворыць.
За кандыдатуру адзінага выступае і “Справядлівы свет”. Але не выключана, што Сяргей Калякін ці нехта іншы з левых пазмагаецца за гэтую “пасаду”, разважае сябра Бюро ЦК “Справядлівага света” Сяргей Вазняк. Тое ж тычыцца і Аб’яднанай грамадзянскай партыі: найперш — “Сумленныя выбары без Лукашэнкі”, затым — адзіны, а калі нічога не атрымліваецца — свой кандыдат пасля “партыйных праймерыз”. Гэтым кандыдатам можа стаць нават Анатоль Лябедзька.
У чацвёрты раз выйдзе на “прэзідэнцкі” старт і Віктар Цярэшчанка. Маўляў, выбару няма — эканоміка краіны патрабуе рэформ і чалавека, які гэтыя рэформы правесці здольны. Ён гатовы не толькі паўдзельнічаць у абранні адзінага, але і сам мае некалькі кандыдатур на прыкмеце. Праўда, імёны не называе.
І толькі экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук катэгарычны: хопіць! Знайшоў іншы шлях змяніць уладу ў краіне.
Яраслаў Раманчук: “Трэба займацца эканамічнай адукацыяй, трэба рабіць канструктыўныя праграмы, распаўсюджваць веды — каб колькасць людзей, якія выступаюць за сацыялізм і аўтарытарызм, у нашай краіне была меншая. Гэта адзіны шлях да дэмакратызацыі, да перамогі ў краіне іншых сіл”.
Ці магчыма з’яўленне сярод кандыдатаў у прэзідэнты нечаканай фігуры? Накшталт Ксеніі Сабчак у ліку лідараў расійскай апазіцыі. Эксперт Паўлюк Быкоўскі лічыць такое малаверагодным.
Паўлюк Быкоўскі: “Цалкам нечаканыя фігуры з’яўляюцца толькі ў тым выпадку, калі яны ідуць знізу. А знізу прабіцца вельмі складана, і гэта магчыма толькі ў выпадку разбурэння статус-кво, калі ўлада пачынае ляжаць пад нагамі”.
З’яўленне “палітычных канструктаў” — калі група людзей пад свой палітычны праект знаходзіць “вясельнага генерала” — эксперт таксама лічыць немагчымым. Такое, узгадвае, было ў нас толькі аднойчы — у 1994 годзе. І толькі нізкая планка адбору дазволіла ўдзельнічаць у мінулых выбарах такому кандыдату, як, да прыкладу, Дзмітрый Ус.
Такім чынам, на выбарах у 2015 годзе нас ізноў чакае “парад кандыдатаў”?