На судзе над Бяляцкім выступаюць падаткавікі
Першым сведкам выступіў Леанід Чаўко, намеснік дырэктара Дэпартаменту па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Ён распавядаў аб прынцыпах атрымання гуманітарнай дапамогі ў Беларусі. Адвакат запытаў, ці ведае Чаўко што-небудзь пра крымінальную справу, якая разглядаецца ў судзе. Атрымаўшы адмоўны адказ, адвакат звярнуў увагу, што гэты чалавек, згодна з заканадаўствам, не можа быць сведкам на працэсе, перадае nn.by.
Потым дапыталі сведку Собалеву — падатковую інспектарку Першамайскага раёна Мінску. Яна ведае Бяляцкага па сваёй працы. У 2008 годзе рэгістравала дэкларацыю аб прыбытках Бяляцкага. Тады былі выяўленыя перавышэнні па 1994–1998, 1999, 2005, 2006 гадах. Бяляцкі сказаў, што пазычыў грошы ў грамадзяніна Францыі тэрмінам да 2014 года. 30 снежня 2008 года Бяляцкі сплаціў падатак з перавышэння.
У 2010 годзе падаткавікі зноў праверылі Бяляцкага, але не знайшлі перавышэння. Бяляцкі па сваёй ініцыятыве прадстаўляў дэкларацыі за 2008-2010 гады і дэклараваў прыбыткі, атрыманыя за мяжой. Собалева ўдзельнічала ў складанні актаў пасля таго, як звесткі на Бяляцкага прыйшлі з Літвы і Польшчы, інфармуе Радыё "Свабода". Яна патлумачыла, што паводле Падатковага кодэксу, любыя сумы, атрыманыя грамадзянінам за мяжой, лічацца ягонымі прыбыткамі. Каб не залічыць іх прыбыткамі, грамадзянін павінен самастойна падаць адпаведныя даведкі. Гэтага не было зроблена.