Недарэчнасці ў заявах Лукашэнкі
На прэс-канферэнцыі 15 студзеня Аляксандр Лукашэнка зрабіў шмат гучных заяў. Еўрарадыё правярае на адпаведнасць рэчаіснасці некаторыя з іх.
“Халіп сама адмовілася з'ехаць з краіны. Яна выдатна разумее, што тут, у Беларусі, яна пакутніца, а там, за мяжой, яна нікому не патрэбна", — заявіў кіраўнік краіны, адказваючы на адно з пытанняў.
“Разумееце, ёсць Лукашэнка, са сваімі эмоцыямі, непадкантрольнымі розуму, а ёсць камп'ютар, у якім усе нашы прозвішчы. Вось і ўсё”, — гаворыць у адказ Ірына Халіп.
Паводле слоў журналісткі “Новай газеты”, яна па-ранейшаму знаходзіцца пад штодзённым наглядам міліцыі і мае забарону на выезд за межы краіны. Паўторнае судовае паседжанне па яе справе адбудзецца толькі праз сем месяцаў.
Заявы аб тым, што Халіп можа ў любы момант з’ехаць з Беларусі, Лукашэнка робіць не ўпершыню. Журналістка перакананая, што ўжо само яе прозвішча выклікае эмацыйную рэакцыю ў кіраўніка Беларусі.
Яшчэ Лукашэнка патлумачыў, чаму не асцерагаецца непрыемнасцяў з боку Літвы ў перыяд яе старшынства ў ЕС. Згодна з яго словамі, у 2015 годзе ЕС не будзе датаваць Літву, як датуе зараз, на 2-3 мільярды ў год. І, маўляў, толькі вар’ят можа на канфрантацыю пайсці, бо 10 “мільёнаў тон груза мы перавальваем у порт”.
Але з гэтымі датацыямі не ўсё так проста, тлумачыць Еўрарадыё палітолаг, прафесар Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага Гінтаўтас Мажэйкіс.
“Можа, і больш мільярдаў ЕС выдзяляе. Але цікавостка ў тым, што Літва ад пачатку столькі ж плаціць у Еўрасаюз, а потым праз праекты падобную суму і атрымлівае. А ў 2015 годзе проста пераглядаецца бюджэт ЕС і мяняюцца ўсе праграмы. Па нейкіх накірунках будзем атрымліваць менш, па іншых — больш”.
Асабліва эксперта здзіўляюць заявы Лукашэнкі наконт таго, што беларусы фармуюць 30% бюджэту Літвы.
Гінтаўтас Мажэйкіс: “Ні ў якіх справаздачах, ні ў якой статыстыцы няма такіх звестак, што літоўскі бок на 30% залежыць ад беларускага”.
Падчас прэс-канферэнцыі Лукашэнку здзіўляе заўвага прадстаўніка партала tut.by аб наяўнасці ў настаўнікаў вялікай колькасці папяровай працы.
"Я дазваляю вам (настаўнікам) нічога не пісаць. Але выдавайце тавар так, каб на тэставанні былі нармальныя веды".
Разам з настаўнікам з 35-гадовым стажам Васілём з Брэсцкай вобласці Еўрарадыё налічвае не меней за 10 (!) папак, якія павінен запоўніць педагог. Адна папка — 50-100 аркушаў друкаванага ці напісанага ад рукі тэксту. Трэба мець папкі з планамі працы кабінета, пашпарт кабінета, папку з планамі сучасных тэхналогій урока, самаадукацыяй, папка з дзесяцібальнай сістэмай, планы працы з адоранымі і адстаючымі дзецьмі, справаздачы з ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў школе, а таксама маніторынг паспяховасці дзяцей. Літаральна за кожны ўздых настаўнікі павінны даваць справаздачы ў пісьмовым выглядзе. Кожны тыдзень настаўнік павінен падрыхтаваць палітінфармацыю і здаць справаздачу — за гэта даплачваюць аж 3-5 тысяч рублёў.
Узгадаў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі і сваю паездку ў інтэрнат ветэранаў вайны і працы.
"Я не магу сказаць, што там кепска. Нам усе зайздросцяць, што ў нас старыя утрымліваюцца ў такіх умовах. 93 гады сярэдні ўзрост у гэтым доме. Памірае чалавек у сярэднім у 93 гады. Дык у нас у грамадстве гэтага няма!"
Еўрарадыё пацікавілася ў самім інтэрнаце, які сярэдні ўзрост яго жыхароў?
"86 год сярэдні ўзрост. Самы стары 1915 года нараджэння, яму 98 год будзе. Калі была сустрэча, самі ветэраны лічылі, што ў нас 7 чалавек адзначаюць 95 год, 11 чалавек - 90 год".
Колькі жывуць у сярэднім ветэраны ў інтэрнаце не ведаюць, але шмат ветэранаў старэйшых за 90 год.
Падчас адказу на пытанне Еўрарадыё кіраўнік краіны двойчы паказвае, што ён “не ў курсе справы”. Лукашэнка не ведаў, ці знаходзіцца да гэтага часу за кратамі Алесь Бяляцкі, і што ў краіне існуюць “чорныя спісы” музыкантаў. На сваіх прэс-канферэнцыях прэзідэнт шмат чаго пазнае пра краіну.
Фота: Змітра Лукашука