Нобелеўскага лаўрэата Гюнтэра Граса зрабілі неўязным у Ізраіль
Знакамітага нямецкага пісьменніка абвінавацілі ў антысемітызме.
На гэтым тыдні 84-гадовы Грас апублікаваў у адной з нямецкіх газет верш, у якім востра раскрытыкаваў Ізраіль, абвінаваціўшы яго ў імкненні напасці на Іран, а таксама ва ўтойванні ад міжнароднай супольнасці праўды аб сваім ядзерным патэнцыяле. Верш выклікаў рэзкую рэакцыю ізраільскіх лідараў і вострую палеміку ў Нямеччыне ды іншых краінах, паведамляе Радыё Свабода. Сам Грас заявіў, што яго крытыка накіраваная не на саму дзяржаву Ізраіль, а на яго цяперашняе кіраўніцтва.
Міністр унутраных спраў Ізраіля Элі Ішай заявіў, што ўезд пісьменніку ў краіну будзе закрыты на падставе закона, які забараняе наведванне Ізраіля былым нацыстам. Гюнтэр Грас нядаўна ў аўтабіяграфічнай кнізе прызнаўся, што ў апошнія месяцы 2-й сусветнай вайны служыў у частках Вафэн-СС.