Новапалачанін два гады хаваўся ў Швецыі, каб не плаціць крэдыт
10 студзеня яго затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск".
27-гадовы мужчына прыляцеў у Мінск са Стакгольму. На радзіме яго шукалі ад верасня 2010 года.
Як інфармуе БелаПАН, у 2010 годзе новапалачанін узяў вялікі крэдыт у адным з банкаў. Аднак працы ў яго не было, і пагасіць крэдыт ён быў не ў стане. Каб не плаціць грошы, мужчына з'ехаў у Швецыю. Сплачваць крэдыт былі вымушаныя даручальнікі.
Два гады ў Швецыі беларус жыў без мясцовых дакументаў. Аднак у студзені 2012 года яго затрымалі міграцыйныя службы і выслалі ў Беларусь.