Пачобут: Улады не хацелі, каб журналісты бачылі брутальны разгон пікета
Журналіста выклікалі ў інспекцыю па выкананні пакаранняў напярэдадні пікета, які ладзілі польскія актывісты ў Гродне.
Андрэй Пачобут кажа, што доўгі час з ім вялі гутарку практычна наконт пашпартных звестак.
Пачобут: "Пасля мяне завялі да начальніка Ленінскага РАУС. Ён таксама вельмі доўга знаёміўся з маёй справай, там прынеслі маю асабістую справу, прысуд... А пасля вынес мне афіцыйнае папярэджанне аб недапушчэнні парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь. З чым звязана гэтае папярэджанне, мне не патлумачылі. Мне сказалі: вы былі асуджаныя па такім артыкуле, у нас ёсць падставы думаць, што вы збіраецеся парушаць заканадаўства Рэспублікі Беларусь, і мы вам афіцыйна выносім папярэджанне. Ёсць такая практыка, што Міністэрства ўнутраных спраў часам такія рэчы робіць".
Нагадаем, што Пачобут асуджаны за абразу гонару і годнасці кіраўніка краіны. Адно папярэджанне за парушэнне рэжыму пакарання ён мае. Аднак цяперашняе папярэджанне, кажа журналіст, не павінна далучацца да папярэдняга, бо гэта — прэвентыўная мера.
На думку Пачобута, затрымаўшы журналістаў, гродзенскія ўлады хацелі пазбегнуць асвятлення сённяшняй акцыі і яе брутальнага разгону. Журналіст адзначыў, што міліцыянты вельмі жорстка абыходзіліся з удзельнікамі польскага пікета і нават парвалі польскі дзяржаўны сцяг.
Актывісты польскай меншасці сёння пратэставалі супраць русіфікацыі адзінай у Гродне польскай школы. Былі затрыманыя каля 20 чалавек.
Фота — svaboda.org