Падаткавікі: Калі мы раскажам пра прыбыткі чыноўніка, нас адразу звольняць
У Расіі і ЗША закон абавязвае публічна агалошваць дэкларацыі ўсіх дзяржслужачых. У Беларусі ж толькі калі чыноўнік ідзе ў прэзідэнты.
111206 MancevichDeklaracjia.mp3
Добрая навіна: пашыраны спіс чыноўнікаў, якія абавязаныя падаваць дэкларацыі аб прыбытках, цяпер падатковыя дэкларацыі мусяць падаваць таксама члены іх сем’яў.
Але, як даведалася Еўрарадыё, інфармацыя гэта – толькі для службовага карыстання. Яна засакрэчаная для звычайных грамадзян. Калі Еўрарадыё паспрабавала даведацца пра дэкларацыю прэм’ер-міністра, пачула такі адказ:
Падатковая інспекцыя Мінску: “Гэта інфармацыя не падлягае разгалошанню. Акрамя самой фізічнай асобы, якая падавала дэкларацыю, мы не маем права нікому яе паказваць. Гэта тычыцца літаральна ўсіх”.
Еўрарадыё: “А калі, я як звычайны грамадзянін, захачу даведацца пра прыбыткі якога-небудзь чыноўніка, мне адмовяць?”
Падаткавая: “Адмовяць, таму што гэта інфармацыя для службовага карыстання. І мы не маем права разгласіць. Таму што, калі мы будзем разгалошваць, мы адразу будзем звольненыя”.
Як даведалася Еўрарадыё, чыноўнікі здаюць дэкларацыі ў аддзелы кадраў, дзе працуюць. Калі гэта кандыдаты ў дэпутаты, то яны падаюць дэкларацыі акруговым камісіям. Акруговыя камісіі правяраюць дэкларацыі і перадаюць у падатковую, дзе правяраюць яе сапраўднасць, - тлумачаць у падатковай інспекцыі Мінска.
Пра прыбыткі беларускага чыноўніка звычайны чалавек можа даведацца толькі раз на пяць гадоў, падчас прэзідэнцкай кампаніі, кажуць у Міністэрстве па падатках і зборах Беларусі:
“Дэкларацыя пра прыбыткі тых, хто ўдзельнічае ў прэзідэнцкіх выбарах – публічная. Усё астатняе дзяржслужачыя здаюць у свае аддзелы кадраў. Публічная ў нас толькі інфармацыя пра кандыдатаў у прэзідэнты”.
А вось дэкларацыі прэзідэнта ЗША Барака Абамы і нават яго жонкі Мішэль публікуюцца (!) кожны год. У 2010 годзе прэзідэнцкая пара зарабіла больш за 1,7 мільёны долараў. Утрая менш, чым у 2009 годзе (5,5 мільёнаў).
Прэзідэнт Расіі і старшыня ўрада атрымліваюць менш за сваіх амерыканскіх калег. І таксама публічна агалошваюць прыбыткі штогод! Згодна з дэкларацыяй, Дзмітрый Мядзведзеў у 2010 годзе атрымаў 3,4 мільёны рублёў – гэта 112,5 тысячы долараў.
Прыбытак прэм'ера Уладзіміра Пуціна склаў за год крыху больш за 5 мільёнаў рублёў (каля 166,5 тысячы долараў). Жонка старшыні ўрада Людміла Пуціна за 2010 год задэкларавала 146 тысяч рублёў.
“У адпаведнасці з заканадаўствам, у нас усе дэкларацыі дзяржслужачых з'яўляюцца публічнай інфармацыяй, і павінны размяшчацца не толькі ў друкаваных СМІ, але і на сайтах дзяржаўных органаў улады. Кожнае ведамства, дзяржаўны орган улады публікуе дэкларацыі сваіх дзяржаўных служачых”, - тлумачыць заканадаўства Федэральная падатковая служба Расіі.
Дарэчы, ва Ўкраіне на працягу 15 гадоў чыноўнікі мусілі агалошваць свае прыбыткі. І толькі ў 2011 годзе такія звесткі сталі таямніцай.