Пасля таго, як Еўрарадыё здало $50, у абменніку скончыліся рублі

13 кастрычніка ў момант, калі закрываліся таргі на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы, Еўрарадыё набыла ў абменніку “Беларусбанка” $50 па 9150 рублёў за долар. Мы хацелі даведацца, ці можа звычайны чалавек зарабіць на ваганні біржавога курса.

Дарэчы, суму ў $50 мы выбралі невыпадкова. Пры канцы верасня шмат хто з беларусаў атрымаў 500 тысяч матэрыяльнай дапамогі. Як кажуць у народзе, “на гародніну”. Але мы патрацілі гэтыя грошы не на бульбу і моркву, а на долары.

13 кастрычніка долар на біржы “тлусцеў” не так імкліва, як мы чакалі. Банкі гатовыя былі набываць долары па 9100 рублёў. Таму зарабіць лёгкія грошы “дзень у дзень” у нас не атрымалася. Мы не сталі здаваць долары і вырашылі пачакаць таргоў 14 кастрычніка. 

А 14 кастрычніка рубель спыніў сваё падзенне адносна долара. Папярэдняя прапанова на біржы практычна адпавядала попыту (розніцу інтэрвенцыяй у $2,7 млн. “закрыў” Нацбанк). Гэта тлумачыцца найперш тым, што біржавыя гульцы палічылі курс у 9010 рублёў за долар дастатковым для таго, каб пачаць прадаваць свае валютныя запасы.

З не вельмі добрымі прадчуваннямі (і 50 доларамі на кішэні) Еўрарадыё выправілася ў горад. І першая ж спроба прынесла нам поспех! У разлікова-касавым цэнтры “Прыёрбанка” мы здалі $50 долараў па 9200 рублёў за долар.

Трэба сказаць, што ў “Прыёрбанку” нашых долараў не чакалі. “Дайце рублёў, няма з чым працаваць!” — крычыць адна касірка іншай. “Мы ж рублёў заказалі, як звычайна. Адкуль я іх вазьму?” — адгукаецца тая.

Літаральна праз 15 хвілін пад уплывам вынікаў таргоў на біржы курс долара ў абменніках папоўз уніз. На дадзены момант [13:45 14 кастрычніка. — Заўв. Еўрарадыё] банкі гатовыя набываць яго па 8600 — 9150 рублёў.

Такім чынам, эксперымент Еўрарадыё скончыўся поспехам. Мы на куплі-продажы долара выйгралі 2,5 тысячы рублёў. Але грошы — гэта не галоўнае. Мы на ўласным прыкладзе даказалі, што на ваганнях курсаў на біржы можа зарабіць не толькі банк ці буйное прадпрыемства, але і звычайны чалавек.

Ды не проста можа! Ва ўмовах, калі эканоміка лібералізуецца, і больш-менш рынкавыя адносіны ўсталёўваюцца хаця б на асобных яго сегментах (напрыклад, у валютным сектары), чалавек мусіць зарабляць там, дзе яму адкрываюцца магчымасці для гэтага.

Фота: www.svobodanews.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі