Песню The Toobes хорам праспявалі жыхары Ёшкар-Алы

110922 Zybliuk Toobes.mp3

1 верасня музыкі гурта The Toobes абвясцілі конкурс пад лозунгам “Запілі “Мадонну” – атрымай гітару”. Умовы конкурсу наступныя: кожны жадаючы мусіць зрабіць сваю версію песні “Madonna”, зняць яе выкананне на відэа і выкласці на старонку гурта ў сетцы Facebook. Пераможцам стане кліп, які набярэ большую колькасць лайкаў. А яго аўтары, кажа гітарыст “Тубсаў” Косця Пыжоў, атрымаюць адзіную ў сваім родзе гітару.

Косця Пыжоў: “Гітара будзе незвычайная. Гэта будзе цікавая гітара, мы яе яшчэ самі як-небудзь дапрацуем у плане – укладзем у яе сваю душу. Я на ёй адзін трэк нават прапісаў. То бок, забаўная гітара. Другой такой не будзе, гэта не проста гітара з крамы”.

Па словах Пыжова, The Toobes не чакалі такога ажыятажу вакол конкурсу, кліпы для якога ужо прадставіла каля 15 каманд. Сам музыка ўважліва сочыць за акцыяй і мае свайго фаварыта.

Косця Пыжоў:Ну вось адны чувакі вельмі крута “запарыліся” і знялі сапраўдны кліп! Гэта гурт Brooklet. Але мне больш за ўсё падабаюцца чувакі з Расіі з Ёшкар-Алы, яны зусім “запарыліся”! Там хор спявае! Спадзяюся, маё меркаванне не паўплывае на вынік. Гэта проста мой фаварыт. Але я хачу,каб усё было шчыра”.

“Чувакамі” з Ёшкар-Алы апынулася маладая каманда “Jonny On-line”. Музыкі – даўнія аматары творчасці “Тубсаў”, з энтузіязмам падышлі да пастаўленай задачы. Лідар гурта Артур Сафараў распавёў Еўрарадыё пра і стварэнне кліпа.

Артур Сафараў: “Мы хацелі, каб наш горад у кадры засвяціўся. Доўга абдумвалі сюжэт, сцэнарый. У горадзе ёсць людзі, якія слухаюць нашу музыку. Мы ў “Вконтакте” абвясцілі ім, што бярэм удзел у конкурсе. Запрасілі на адзін вечар на гарадскую набярэжную. Прыйшло чалавек 50. Мы з імі праспявалі песню. Атрымалася цэлае шоў. Спыняліся мінакі, слухалі нас. Добра атрымалася, добры быў дзень тады”.

У сваёй прамове да кліпа музыкі з Ёшкар-Алы, відэа якіх на сёння мае найбольшую колькасць лайкаў, падкрэслілі, што запісалі “Мадонну” на танных інструментах. Таму, прызнаецца Артур Сафараў, для “Jonny On-line” істотны не толькі ўдзел, але і перамога ў конкурсе.

Артур Сафараў: “Мы вельмі рады, што “Тубсы” прыдумалі такі конкурс, таму што мы іх вельмі любім даўно, і нас прыемна браць у ім удзел. Але, адпаведна, і гітара для нас – вельмі істотны момант, таму што гурт перажывае этап, калі досвед ігры павялічваецца, а не хапае сродкаў, каб набыць інструменты. Гітара б нам вельмі прыдалася!”

У адрозненні ад расійскіх калег, беларускі музыка Дзіма Ску пра выйгрыш нават не думае: яго задача – “паваляць дурня”.

Дзіма Ску: “Я вырашыў сябе паказаць таксама з цікавага боку , перакласці іх песню, прыдумаць сваю на тэму “Мадонны”. У мяне надзеі на выйгрыш няма, не было, і задачы такой не было. Мая задача – проста пазабаўляцца. І калі ёсць магчымасць пабавіцца на зададзеную тэму – я гэта раблю”.

З відэа Дзіма Ску таксама асабліва не замарочваўся: паставіў камеру, і з аднаго дубля разам з бубначом сыграў свае варыяцыі на тэму “Мадонны”. Дэвіз Дзімы – “усё як ёсць” цалкам увасоблены ў відэа.

Дзіма Ску: “Я б не назваў гэта сваім кліпам. Гэта мае відэа-песні-хвілінкі, гэта мой фармат прастаты і энергічнасці. Калі ёсць зарад (звычайна ён станоўчы) і імпульс, бярэш любы фотаапарат, любую камеру, змяшчаеш на штатыў, націскаеш на кнопку і пішаш. Ніякага мантажу – усё як ёсць”.

Мэта The Toobes – разварушыць восеньскі народ –дасягнутая. Конкурс працягнецца да 1 кастрычніка. Часу для рэалізацыі ідэй засталося не так шмат, таму варта варушыцца. Тым больш, кажа Косця Пыжоў, песня “Madonna” проста створана для “агульнага карыстання”.

Косця Пыжоў: “Гэта наша самая папсовая песня. Мне падаецца, з яе можна зрабіць шмат зусім розных кавераў, прыдумаць, што заўгодна. Яна такая простая, што круці, што хочаш”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі