Платнікаў-медыкаў размеркавалі ў Мінск, бюджэтнікаў - у Салігорск
Паводле дэканата медыка-прафілактычнага факультэта, у платнікаў больш правоў на лепшыя месцы.
120417 Martin Razmerkavanne.mp3
“Нягледзячы на высокі бал, мяне размяркоўваюць у Салігорск. А платніка з больш нізкім балам размяркоўваюць на адно з лепшых месцаў у Мінск”, - расказвае Еўрарадыё выпускніца медыка-прафілактычнага факультэта БДМУ Жэня.
Мінчанка Жэня паедзе працаваць за 130 кіламетраў ад дому, лекарам-гігіеністам. Платнік будзе працаваць у сталіцы. Як даведалася Еўрарадыё, на гэтым факультэце пажадалі размеркавацца амаль усе платнікі. І ім дасталіся… лепшыя месцы!
“Месцы для платнікаў прытрымлівалі. Ім давалі магчымасць выбраць месца. Да размеркавання ім далі добраахвотна напісаць заяву аб тым, што яны хочуць удзельнічаць у размеркаванні, патлумачылі, што маўляў, усё адно можна адмовіцца”, - кажа студэнтка Жэня.
Студэнтка медыка-прафілактычнага факультэта Таццяна па размеркаванню паедзе ў Каменец, за 110 кіламетраў ад дому.
“Мяне размеркавалі ў Каменец. Сама я з Белазёрска. Не пыталіся, згодная ці не”, - кажа Таццяна.
Студэнты з медыка-прафілактычнага запэўніваюць: палова выпускнікоў незадаволеная такім размеркаваннем.
У дэканаце медыка-прафілактычнага факультэта прызнаюць, што лепшыя месцы дастаюцца платнікам:
“У платнікаў хоць і эфемерна, але больш правоў на тое, што іх меракаванне ўлічваецца падчас размеркавання. А студэнты, якія вучацца на бюджэце, размяркоўваюцца па запатрабаванасці кадраў у гэты момант”.
Але ў аддзеле кадраў міністэрства аховы здароўя гэта абвяргаюць: “Найперш размяркоўваюцца тыя, хто лепей вучыўся”. І раяць пісаць у міністэрства зварот, калі парушэнні пры размеркаванні ёсць.
Дарэчы, навучанне на медыка-прафілактычным факультэце за 2011/2012 гады каштавала 7,5 мільёнаў рублёў. Такая плата за добрае размеркаванне.