Польскі тэлеканал распачынае акцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі
Паралельна з гэтым журналісты TVN працуюць над другой часткай фільма пра беларускі тэракт.
Фільм “Тры дні з маці асуджанага на смяротнае пакаранне” тэлеканала TVN выклікаў вялікі рэзананс у Польшчы і Беларусі. Журналісты тэлеканала вырашылі працягнуць справу “беларускіх тэрарыстаў” і цяпер здымаюць другую частку фільма.
Пра што яна будзе, і чаму тэлеканал TVN вырашыў зладзіць уласную акцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, карэспандэнт Еўрарадыё запытаўся ў аўтаркі стужкі Монікі Гуральскай.
Еўрарадыё: Распавядзіце пра кампанію. Чаму вы вырашылі яе зладзіць?
Моніка Гуралеўска: Гэтая кампанія пачалася 11 красавіка. Мы вырашылі зрабіць гэта з нагоды гадавіны выбуху. І распачалі яе зваротам Любові Кавалёвай і Святланы Жук пра мараторый на смяротнае пакаранне і просьбы выдаць целы сыноў. Бо лічым гэта адным з важных аспектаў гэтай справы: тое, што яны не могуць пахаваць сыноў.
Мы разумеем, што ўжо было шмат рэзалюцый супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Але я як журналістка не хацела б, каб зноў усталявалася маўчанне на гэтую тэму. Маўчанне над трунамі, у прыватнасці Кавалёва і Канавалава, справа якіх моцна разварушыла палякаў. Пра выкананне смяротнага прысуду ў Беларусі казалі і раней. Але гэтая справа паказала, наколькі несправядлівыя і супярэчлівы быў судовы працэс, у якіх драматычных абставінах выконваўся прысуд.
Я не ведаю, якія вынікі прынясе наш зварот. Але думаю, што гэта справа ўсё больш будзе даходзіць да свядомасці палякаў. Хочам таксама папрасіць падтрымкі ў людзей навукі, медыяў, артыстаў. Людзей, якіх ведаюць і паважаюць у Польшчы.
Еўрарадыё: А ўвогуле, што палякі думаюць на гэтую тэму? Ці цікавяцца яны тым, што адбываецца зараз у Беларусі?
Моніка Гуралеўска: Здаецца, што палякі пачынаюць усё больш і больш цікавіцца. І раней былі нейкія навіны. Але ад апошніх выбараў, пэўна, беларускія справы ўсталі яшчэ больш прысутнічаюць у свядомасці палякаў. Рэпрэсіі апазіцыянераў, смяротныя прысуды адгукнуліся ў Польшчы вельмі гучным рэхам. Здаецца, што ёсць 2 істотных пытання: існаванне палітычных зняволеных і мараторый на смяротнае пакаранне.
Еўрарадыё: Магчыма, вы ўжо атрымалі нейкія каментары ад беларусаў ці палякаў наконт кампаніі і фільма?
Моніка Гуралеўска: Пасля фільма прагучалі шакаваныя галасы, якія казалі мне працягваць тэму і далей. Адсюль і паўстала гэта рэзалюцыя і спроба далейшай прапаганды праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі. Зараз робім другую частку. Гэтая гісторыя грунтуецца не толькі на драме маці. Хачу, каб палякі даведаліся, якія маніпуляцыя адбываліся ў судзе і што, сапраўды, адбылося ў мінскім метро.
Еўрарадыё: А што будзе ў гэтай другой частцы? Можа каманда TVN знайшла якія невядомыя факты?
Моніка Гуралеўска: Будзем прыводзіць меркаванні праваабаронцаў і тых, хто сачыў за судовай справай у Беларусі. Тыя, хто дасканала аналізаваў гэтае пытанне. Канешне, гэта ўсё будзе пацверджана незалежнымі польскімі спецыялістамі. Але ўсё гаворыць пра тое, што тыя высновы, якія зрабілі незалежныя даследчыкі працэсу, вельмі слушныя. Другая частка будзе больш прысвечана фігуры Канавалава. Гісторыя якога менш вядомая з-за таго, што ён маўчаў.
Еўрарадыё: Ці цяжка было рабіць такі фільм у Беларусі? З якімі складанасцямі сутыкнулася каманда TVN?
Моніка Гуралеўска: Хутчэй, небяспецы падвергнутыя людзі, якія кантактуюць з заходнімі журналістамі. Прымушае задумацца факт, што Лукашэнка адмовіў у памілаванні ў той час, калі мы рабілі фотаздымкі ў маці Уладзіслава Кавалёва.
Еўрарадыё: Вы жылі некалькі дзён разам з Любоўю Кавалёвай. Ці былі чымсьці ўражаныя?
Моніка Гуралеўска: Гэта было вельмі складана для ўсіх нашых журналістаў. Пачалі рабіць гэты матэрыял з надзеяй, што ён дапаможа выратаваць асуджаных хлопцаў. Мы былі ў Віцебску, калі прыйшла інфармацыя, што сабралася камісія, каб разгледзець прашэнне аб памілаванні. На жаль, была атрыманая адмова. Гэта было для нас як стрэл. Але яшчэ тады Любоў Кавалёва спрабавала нешта зрабіць. Яна прыехала ў Мінск, яшчэ мела надзею. Мы былі ў машыне разам з ёй. І ёсць адна сцэна ў фільме, калі Любоў была ў такім дзіўным стане, і ўвесь час паўтарала, навошта яна плача, бо ён жа яшчэ жывы.
Ужо потым прыйшла інфармацыя, што Уладзіслава расстралялі. І яна вельмі моцна перажывала. Для ўсёй нашай каманды гэтыя моманты былі шакуючымі.
Вельмі люблю і паважаю Любоў Кавалёву за яе адвагу. І гэта яе рыса простай жанчынай стала вядомай для шырокага кола людзей.
І зараз вельмі хвалюемся наконт мараторыя, бо на гэты момант барацьба прайграная. Мы мелі надзею, што, можа, гэтым разам прысуд не будзе выкананы. Асабліва таму, што было шмат супярэчнасцяў і вельмі шмат заклікаў з Еўропы не выконваць прысуд.
Еўрарадыё: TVN – гэта вялікая тэлевізія. Можа ўжо нейкія вядомыя персоны паспелі далучыцца да кампаніі тэлеканалу?
Моніка Гуралеўска: Акцыя толькі пачынаецца. Думаю, праз 2-3 тыдні, калі мы звернемся да канкрэтных асобаў, але гэта будзе бачна і па подпісах у петыцыі
Спадзяюся, што атрымаецца прыцягнуць да акцыі і ўплывовых польскіх жанчынаў. Бо выкананне смяротных прысудаў найбольш хвалюе жанчынаў і маці. Але ўвогуле звернемся шмат да каго. Ужо зараз маем падтрымку ад журналістаў TVN і многіх іншых.