Праваабаронца года — Бяляцкі, адвакаты года — Кавалеўская і Ліпкіна
Прэмія ад беларускіх праваабаронцаў уручаецца ў трэці раз. Яе атрымалі лепшыя адвакаты, праваабаронцы і журналісты.
"Год вельмі цяжкі. Падзея, якая ўплывала на яго, – 19 снежня. Яе мы ўзялі за падмурак. Гэтыя людзі праявілі сябе ў асвятленні гэтай падзеі і абароне людзей, якія пацярпелі", – тлумачыць выбар праваабаронца Людміла Гразнова.
Лепшымі адвакатамі названыя Марына Кавалеўская і Дар'я Ліпкіна. Абедзве яны выступалі абаронцамі ў палітычных працэсах па "справе 19 снежня".
"Для мяне гэта першая такая ўзнагарода. Сапраўды, апошні час праца стала вельмі цяжкая. Таму такая высокая адзнака ад прафесіяналаў у сферы права і абароны правоў чалавека для мяне вялікая каштоўнасць", – кажа Марына Кавалеўская, адвакат палітвязняў Андрэя Саннікава і Змітра Дашкевіча.
Дар'я Ліпкіна абараняла на судзе Мікіту Ліхавіда. Прысутнічаць на ўручэнні не змагла, бо акурат у гэты момант удзельнічала ў судовым працэсе.
"Хачу падзякаваць свайму адвакату Дашы Ліпкінай, – кажа маці палітвязня Алена Ліхавід. – Яна вялікі прафесіянал. Я бачыла, як яна змагалася за Мікіту і потым за мяне ў судзе. І журналістаў, якія ўсё гэта асвятлялі. Дзякуючы ўсім вам, пачынаючы з "Вясны", мы змаглі гэта ўсё перажыць. І сапраўды першыя, хто прыйшоў па дапамогу была "Вясна".
У намінацыі “Журналіст года” ўпершыню перамаглі фатографы Юля Дарашкевіч і Уладзь Грыдзін, якія асвятлялі падзеі пасля выбараў і маўклівыя акцыі.
"Шчыра прызнаю, што калісьці пішучыя журналісты з вышыні глядзелі на тых, хто здымае, робіць фоткі. Цяпер не так. Слова зараз можа быць слабейшым за вобраз, які даносяць людзям тыя, хто працуе з камерай", – тлумачыць такі выбар у намінацыі мінулагодні "Журналіст года" Алег Груздзіловіч.
Па традыцыі, дыпломы сёлетнім лаўрэатам уручалі мінулагоднія пераможцы: журналістаў узнагародзіў Алег Груздзіловіч, адвакатаў – Тамара Сідарэнка, а жонцы Алеся Бяляцкага дыплом уручыў праваабаронца Гары Паганяйла.
"Вы ведаеце, у сілу абставінаў я мушу атрымліваць узнагароды за Алеся таксама і ў міжнародных арганізацыях. Але гэтая ўзнагарода самая каштоўная, бо яна ад яго калег", – кажа жонка Алеся Наталля Пінчук.
Сёння Алесю Бяляцкаму ў камеру калегі перадалі тэлевізар, але паколькі там ён пра атрыманую ўзнагароду не даведаецца, яму адправілі ліст.
Марына Кавалеўская, Наталля Пінчук, Тамара Сідарэнка
Уладзь Грыдзін