Праз 1,5 года КДБ вярнуў Лябедзьку канфіскаваныя 10 тысяч долараў
Хоць рашэнне аб іх вяртанні было прынятае ўлетку 2011 года, адразу пасля закрыцця крымінальнай справы на лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Грошы былі канфіскаваныя ў снежні 2010 года падчас ператрусу ў кватэры Анатоля Лябедзькі. Па словах палітыка, калі яго крымінальную справу вырашылі спыніць, ён неаднаразова звяртаўся і ў КДБ, і ў Следчы камітэт з патрабаваннем вярнуць канфіскаваныя грошы ды носьбіты інфармацыі. Але справа зрушылася з месца толькі цяпер.
Анатоль Лябедзька: “Мне патэлефанавалі і сказалі, што магу прыйсці. У пятніцу я быў у іх (КДБ. — Еўрарадыё), у аддзеле прапускоў. Зайшлі чатыры чалавекі, адзін з відэакамерай. Я сказаў: “Што тут за шоў з камерай?” Яны кажуць: “Калі вы супраць, то мы не будзем”. Яны камеру выключылі, я запоўніў розныя паперкі. Яны глядзелі, каб там вельмі дакладна ўсё было. І на падставе рашэння аб спыненні крымінальнай справы ў адносінах мяне яны гэтыя грошы вярнулі”.
Праўда, без жартаў з боку Лябедзькі не абышлося: палітык пацікавіўся, ці не будзе ў яго з гэтымі грашыма праблем, ці ўсе яны сапраўдныя. І што наконт працэнтаў, якія нараслі за 2 гады, пакуль грошы ляжалі ў "банкаўскай ячэйцы” КДБ. У адказ лідара АГП супакоілі: грошы сапраўдныя, але адсоткаў не будзе. І нічога не адказалі, калі палітыку вярнуць канфіскаваныя носьбіты інфармацыі і дзённікі, што ён вёў у СІЗА КДБ.
У размове з Еўрарадыё палітык адзначыў, што не падлічваў, колькі працэнтаў мог бы займець, калі б гэтыя 10 тысяч долараў ляжалі ў банку. Падлічыла Еўрарадыё: калі пакласці такую суму пад 5% гадавых на тры гады, то агульная сума вяртання з прэміяльнымі склала б 11 777,51 USD.
Фота — bymedia.net