Рабочыя "Полацк-Шкловалакно" патрабуюць даплату за працу ў гарачыні
З адпаведным лістом да дырэктара прадпрыемства Мікалая Качаноўскага звярнуліся рабочыя цэхаў № 6, 7 і 12.
Яны патрабуюць даплату за шкодныя ўмовы працы ў ліпені. Іх патрабаванні сфармуляваў старшыня заводскай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Віктар Стукаў, піша nn.by.
У лісце гаворыцца, што ў мінулым месяцы ў шэрагу цэхаў тэмпература значна перавышала дапушчальную санітарную норму. Для пацвярджэння на сайце прафсаюза выкладзеныя фота замераў тэмпературы, якае сягае 40 градусаў. Каб уратавацца ад гарачыні, рабочыя апраналі змочаную ў халоднай вадзе вопратку.
Старшыня прафсаюза нагадвае, што ў такіх выпадках Закон аб ахове працы дае права рабочым адмовіцца ад даручанай працы, калі ёсць небяспека для жыцця і здароўя. Але ніхто з рабочых ад працы не адмовіўся. Віктар Стукаў ад імя прафсаюза прапануе кіраўніцтву "Полацк-Шкловалакно" зрабіць даплату ў 50% работнікам цэхаў № 6, 7, 12 "за працу пры тэмпературах, што значна перавышаюць санітарныя нормы".
На сёння рабочыя атрымалі надбаўкі каля 22% да расцэнак за выпушчаную прадукцыю. Дарэчы, сярэдні заробак па прадпрыемстве складае каля 4 мільёнаў рублёў.
Фота — spbpolack.ru