Раман Мянцюк, які тараніў "жывы шчыт", датэрмінова выйшаў на волю
У верасні сёлета ён трапіў пад амністыю, хаця яшчэ летась у калоніі лічыўся парушальнікам.
32-гадовы Раман Мянцюк вярнуўся ў Маладзечна і цяпер працуе там грузчыкам, інфармуе "Комсомольская правда в Беларуси".
Нагадаем, ён адбываў пяцігадовае пакаранне за кіраванне транспартам ў нецвярозым стане. 2 сакавіка 2008 года супрацоўнікі ДАІ, каб спыніць п'янага кіроўцу Менцюка, машына якога імчэла з хуткасцю 160 км за гадзіну, на ўездзе ў Мінск выставілі “жывы шчыт” з машын, якія праязджалі побач. У выніку пацярпелі людзі. Мянцюк разам з жонкай некалькі месяцаў хаваліся ў Маскве. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх на прагулцы ў заапарку.
Жонка Рамана Менцюка, якая перадала ключы п'янаму кіроўцы, была асуджана на 2 гады ўмоўна. За першы год адбыцця пакарання Раман змяніў некалькі папраўчых установаў, пакуль не “спыніўся” ў Ваўкавыску. Там ён працаваў у цэху перапрацоўкі каляровых металаў. Ужо ў калоніі Мянцюк быў асуджаны яшчэ на 3 месяцы арышту па артыкуле 205-м “Крадзеж”.
У ліпені 2011-га ў спецчастцы Ваўкавыскай калоніі №11 Еўрарадыё паведамілі, што Мянцюк — парушальнік, таму спецыяльная камісія двойчы адмовіла яму ў змякчэнні меры стрымання. Атрымліваецца, што ў далейшым ён выправіўся, калі здолеў патрапіць пад сёлетнюю амністыю.
Фота — bymedia.net