Сацыял-дэмакраты аддалі жанчынам 50% улады ў партыі
Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні БСДГ "Грамада" Ігар Маслоўскі.
У беларускай палітыцы мала жанчын, асабліва на высокіх пасадах, прытым што ў грамадстве жанчыны складаюць бальшыню. Стаўленне патрыярхатнага грамадства да іх актыўнасці выказала старшыня ЦВК Ярмошына: "Хай лепей сядзяць дома і вараць боршч". У гэты час сацыял-дэмакраты зрабілі каронны ход: пачалі дзяліцца ўладай з жанчынамі.
Распавядае адзін з кіраўнікоў гэтай партыі Ігар Маслоўскі.
Ігар Маслоўскі: Развіццё жаночага напрамку дзейнасці партыі – гэта прынцып еўрапейскай і сусветнай сацыял-дэмакратыі: прапаноўваць гендэрны падыход не толькі ў палітыцы, але і ў эканоміцы, у сацыяльнай сферы. Жанчыны і мужчыны павінны быць прадстаўленыя прыкладна пароўну і ў парламенце, і ў мясцовых органах улады, і ў іншых сферах. Мы пачынаем менавіта знутры партыі. Таму першая задача, каб у нашай партыі на розных узроўнях у кіруючых органах жанчыны і мужчыны былі прадстаўленыя пароўну. Новае кіраўніцтва Грамады – абранае 50 на 50. Старшыня партыі жанчына, першы намеснік – я і яшчэ абрана 4 жанчыны і 4 мужчыны.
Еўрарадыё: Ці адчулі вы ўжо змены ў дзейнасці партыі ад гэтага?
Ігар Маслоўскі: Робяцца прапановы для ўзмацнення ролі жанчын у партыі, стварэнне пэўных жаночых праграм, кірункаў. Гэта менавіта актывізацыя жанчын, перацягванне іх з пасіўных у актыўных. Але важна гэта рабіць не толькі ўнутры партыі. Калі мы палічылі подпісы, якія за нас ставілі – там 60 адсоткаў жанчыны.
Еўрарадыё: То бок ваш электарат збольшага жаночы?
Ігар Маслоўскі: Гэта статыстыка. Нашую праграму больш падтрымалі жанчыны, не ведаю, як у таемным галасаванні, але ў зборы подпісаў – так. Таму другая наша задача – як мага больш прыцягнуць жанчын у партыю, ці проста зрабіць іх актыўнымі прыхільніцамі, якія могуць нам дапамагаць у кожным двары, ў кожным доме пры вырашэнні лакальных, рэгіянальных праблем. У сучаснай беларускай сітуацыі – не галоўнае, каб была вялікая колькасць членаў партыі, а каб большай была колькасць актыўных прыхільнікаў.
Еўрарадыё: Якім чынам вы плануеце прыцягваць жанчын у партыю?
Ігар Маслоўскі: Ёсць пэўныя тэхналогіі. Калі мы збіраем подпісы – мы ствараем базы дадзеных тых, хто ставіў подпісы за сацыял-дэмакратаў, то бок, мы ведаем прозвішчы гэтых людзей, усю інфармацыю пра іх. Мы плануем на працягу гэтых трох гадоў, на якія абранае новае кіраўніцтва, ахапіць хаця б частку электарату - накіроўваць віншаванні жанчынам, прапановы для супрацоўніцтва, анкеты, нашыя ўлёткі, бюлетэні.
Еўрарадыё: Але наколькі дзейсныя гэтыя метады?
Ігар Маслоўскі: Такую практыку мы ўжо маем на тэрыторыі Брэста. У адрозненне ад бізнэсоўцаў, мы працуем шчыра, ідэалагічна. Калі з тысячы жанчын, з якімі мы працуем, 10-12 жанчын прыходзіць у партыю ці проста робяцца прыхільніцамі – гэта добры вынік.