Сайт Лукашэнкі абновяць больш чым за 300 тысяч долараў
Новы партал кіраўніка краіны плануюць запусціць ужо вясной. На яго стварэнне выдаткавана 2 мільярды 600 мільёнаў рублёў.
Адпаведны Указ №577 “Аб удакладненні асобных паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту на 2012 год” падпісаў 29 снежня Аляксандр Лукашэнка.
“Выдаткаваць з рэспубліканскага бюджэту:
3.1. за кошт сродкаў рэзервовага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міністэрству сувязі і інфарматызацыі для Дэпартамента інфарматызацыі 2 600 000 тысяч рублёў, у тым ліку ў 2012 годзе — 2 455 000 тысяч рублёў, у 2013 годзе — 145 000 тысяч рублёў, на фінансаванне прац па стварэнні новага інтэрнэт-партала прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
Як распавялі Еўрарадыё ў Мінсувязі, над новым сайтам працуюць толькі беларускія спецыялісты. Ён будзе гатовы ўжо вясной гэтага года.
Мінсувязі: “Па праекце ў яго гатоўнасць у першым квартале. То бок ці то ў траўні, ці то ў красавіку ён мусіць уступіць у моц”.
У прэс-службе кіраўніка краіны гэтую інфармацыю не пацвердзілі, але і не абверглі. І параілі пакуль карыстацца старой версіяй сайта.
Цяперашні сайт Аляксандра Лукашэнкі можна пабачыць тут.