Саюз палякаў не чакае ад суда над Пачобутам “нічога добрага”
Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё заявіла старшыня непрызнанай беларускімі ўладамі арганізацыі Анжаліка Арэхва.
Суд над карэспандэнтам “Газеты Выборчай” Андрэем Пачобутам пачаўся 14 чэрвеня. Гродзенскага журналіста вінавацяць у абразе і паклёпе на прэзідэнта, яму пагражае да 4 гадоў турмы. Судовы працэс закрыты, на яго не дапускаюць нават жонку і сваякоў Пачобута.
Людзей, якія прыходзяць да будынку суда, каб падтрымаць журналіста, затрымліваюць і нават асуджаюць. Так, быў асуджаны на 5 сутак арышту муж Анжалікі Арэхвы журналіст Ігар Банцар. А сёння аштрафавалі на 30 базавых велічынь актывістку Саюзу палякаў на Беларусі Рэнату Дзем’янчук — нібыта за несанкцыянаваную акцыю. Спадарыня Дзем’янчук будзе аспрэчваць прысуд.
Пры гэтым Анжаліка Арэхва з песімізмам глядзіць на вынік судовага працэсу над Андрэем Пачобутам.
“Мы не чакаем нічога добрага, гледзячы на тое, што адбываецца, што робіць міліцыя, як Андрэю не дазваляюць убачыцца з жонкай, — сказала яна. — Мы не спадзяемся, што гэты суд будзе прыхільны да яго справы”.