Школьнікі здаюць грошы на ежу і… не ядуць?
Чыноўнікі робяць рэйтынг школ па “ахопе дзяцей гарачым харчаваннем”(фота).
У сталоўцы сталічнай школы №30 абед каштуе 9 тысяч рублёў. У меню: рассольнік, бульбяное пюрэ, каўбаскі па-магілёўску і гарбата з цукрам.
У адміністрацыі школы ўпэўніваюць, што харчуецца большасць:
“Рэкамендавана ўсім харчавацца. Паводле санітарных нормаў, кожныя тры гадзіны. Ёсць бацькі, якія адмаўляюцца. Каля дзясятку чалавек набярэцца, якія катэгарычна не харчуюцца. У асноўным, гэта хворыя на гастрыт, у кагосьці дыета”, - кажуць у школе №30.
У шостым класе харчуецца крыху больш за палову, гаворыць класная кіраўніца Таццяна Анатольеўна, якую сустракаю каля сталоўкі. Дзіўна, у адміністрацыі казалі пра дзясятак.
“У мяне ў класе 28 чалавек, з іх харчуецца 16. Астатніх бацькі напісалі заявы, адмовіліся. Камусьці не падабаецца, хтосьці набывае ў кавярні булачкі”, - гаворыць Таццяна Анатольеўна.
Шасцікласнік Жэня купляе ў кавярні бутэрброды і піцу, за гарачае харчаванне не плаціць.
Жэня: “Мы не харчуемся ў сталовай. Я мала што там люблю, а піца смачная”.
У мінскай гімназіі № 56 гарачым харчуецца 99%, даводзяць у адміністрацыі. І ўзгадваюць аднаго школьніка, які здаваў грошы на харчаванне, але ў сталовую есці не хадзіў. Зараз ходзіць.
У сталоўцы гімназіі №56 замаўляем абед за 9 тысяч. Даюць рассольнік, макароны і каўбаску. Рассольнік прыстойны, у макаронах яўна не хапае солі, сухаватыя. Каўбаска смачная, можна есці.
Адзінаццацікласніцы Света і Юля са школы №1 таксама здаюць грошы на харчаванне, але… не ядуць.
“Не смачна. Але ад харчавання адмовіцца нельга, толькі калі дыета. Але ў буфеце набываем піцу, булачкі”, — кажуць мне школьніцы.
Аддаюць за ежу, якую не ядуць, 55 тысяч на тыдзень. Няслаба!
Як даведваецца Еўрарадыё, ва Упраўленні адукацыі нават складаюць рэйтынг школ па “ахопе дзяцей гарачым харчаваннем”.
“Патрабуем, каб дзіцё за бацькоўскую плату атрымлівала гарачае харчаванне. Мы вядзем справаздачы, якая школа, на якую суму накарміла дзяцей”, — адказваюць ва Упраўленні адукацыі Кастрычніцкага раёна.
З мінулага навучальнага году гарачае харчаванне падаражала на тры тысячы рублёў. Раней можна было паабедаць за восем, цяпер давядзецца аддаць каля 11 тысяч рублёў, расказваюць у 1-й мінскай школе. За месяц набяжыць каля 200 тысяч.
Фота 1: produkt.by