Склад беларускай алімпійскай каманды дагэтуль не вызначаны на 100%

Лідар сусветнага сезона ў кіданні молата Іван Ціхан, натуральна, па-за канкурэнцыяй у камандзе. А вось лёс срэбнага медаліста Пекіна Вадзіма Дзевятоўскага не вызначаны.

 Вадзім Дзевятоўскі

У “Праграме выступленняў беларускіх спартсменаў на АГ-2012”, надрукаванай на сайце НАК, прозвішча атлета не пазначана. Хоць сам Дзевятоўскі гарантаваў, што выйдзе на пік формы акурат у дні Алімпіяды.

Не ведаем — рэзервіст ён будзе ці дзейны спартсмен, — кажуць у аддзеле фізкультуры і спорту Наваполацкага гарвыканкама. — У нашай мясцовай газеце прайшла такая інфармацыя: “На лонданскіх арэнах гонар нашай краіны будуць адстойваць Вадзім Дзевятоўскі і Алена Матошка, таксама кідальніца молата. У спартовым рэзерве лічыцца адна з мастацкіх гімнастак і трэнер Алег Дзевятоўскі.

У раскладзе па выступленнях спартсменаў, змешчаным на сайце НАК, прозвішча Дзевятоўскага няма


 Еўрарадыё стала вядома, што пытанне па кідальніках молата вырашыцца не раней як у панядзелак 23 ліпеня. Гэта за 11 дзён да старту кідальнікаў молата! А пакуль Павел Крывіцкі, Валерый Святоха і Вадзім Дзевятоўскі, напэўна, жывуць як на іголках.

Дакладна вядома, што ў Лондан выпраўляюцца нашы знакамітыя прадстаўнікі кідальных дысцыплін: Аксана Мянькова (алімпійская чэмпіёнка Пекіна, молат), лідар сезона ў штурханні ядра Надзея Астапчук і нават алімпійская чэмпіёнка Сіднэя ў штурханні ядра Яніна Правалінская-Карольчык.

Надзея Астапчук у гэтым сезоне паказала найлепшы вынік у свеце. Фота з сайта klbviktoria.com

А вось легенда беларускага спрынту Юлія Несцярэнка (алімпійская чэмпіёнка-2004) у Лондан не едзе. Юлія траўмавалася падчас чэмпіянату Еўропы ў Хельсінкі.

Аляксандр Трашчыла, які сёння выконвае абавязкі галоўнага трэнера па лёгкай атлетыцы, расказаў газеце “Прессбол”, што Юлія паведаміла пра сваё рашэнне не выступаць на Гульнях праз інтэрнэт.

Чаму па інтэрнэце? Адразу паведаміла начальству, што на чэмпіянаце Еўропы траўмавала ступню, — кажа на гэта трэнер і муж “Белай маланкі” Дзмітрый Несцярэнка. — Зрабілі здымкі. Сказалі: ад трох тыдняў лячэнне, мінімум. Што, тры тыдні нічога не рабіць і паехаць на Алімпіяду? А раптам эстафетная каманда ўвогуле не пакажа выніку?”.

Цікавімся, ці думае Юлія завяршаць спартовую кар’еру.

Дзмітрый Несцярэнка: “Пакуль яшчэ не ведаем. Зараз залечыцца, і будзем бачыць”.

Ужо даўно не было грунтоўнай інфармацыі пра алімпійскага чэмпіёна Афін у дзюдо Ігара Макарава. Можа быць, спартсмен завяршыў кар’еру?

Ну, як жа ён не едзе ў Лондан на Алімпіяду? Макараў і Бядулін у нас едуць”, — здзіўляецца нашаму пытанню Руслан Шарапаў, галоўны трэнер зборнай па дзюдо.

Так сёння выглядае Ігар Макараў. Фота з сайта judo.by

Ігар Макараў каля сямі месяцаў таму перамог на адным з турніраў серыі Гран-пры, выйграўшы ў чатырох паядынках запар.

Спіс стратаў у шэрагах беларускіх алімпійцаў таксама немалы. Наша байдарка-чацвёрка, якая здабыла золата ў Пекіне, у Лондан не адабралася. Дзесяціборац Андрэй Краўчанка атрымаў траўму ступні. Затое ў Лондан едуць нашы знакамітыя штангісты Арамнаў і Рыбакоў. Але абодва не паказалі ў гэтым сезоне выбітных вынікаў і абаім дакучаюць траўмы.

Згодна з падлікамі Еўрарадыё, на Алімпіядзе-2012 выступяць адразу шэсць нашых дзеючых алімпійскіх чэмпіёнаў! Гэта Андрэй Арамнаў (штангіст), Кацярына Карстэн (вяслярка), Аксана Мянькова (кідальніца молата), Яніна Правалінская-Карольчык (штурханне ядра), браты Багдановічы (канаісты), Ігар Макараў (дзюдо).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі