Суду ЕўрАзЭС аддаюць гістарычны будынак у цэнтры Мінску (ФОТА)
Справіць улазіны ў будынку па вуліцы Кірава, 5 суд мусіў 1 студзеня.
Але пакуль што ў будынку заканчваюцца апрацоўчыя работы. Даводзяць да ладу і яго фасад, на якім за час рэканструкцыі з’явілася шмат новай цэглы. “А ўнутры ўвогуле ўсё новае”, — ганарыцца адзін з будаўнікоў.
Кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Андрэй Савіных у размове з Еўрарадыё паведаміў, што Суд ЕўрАзЭС стане першай структурай гэтай арганізацыі, якая стала прапішацца ў Мінску.
Ужо цяпер у будынак суда пускаюць толькі па спісах.
Шыльда на сцяне суда.
Дом №5 па вул. Кірава 5 студзеня 2011 года.
Дом №5 па вул. Кірава 25 жніўня 2010 года.
Дарэчы, Еўрарадыё ўжо пісала пра тое, як адбываецца “капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і рэканструкцыяй” будынка па вуліцы Кірава, 5, замоўлены Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама. Гэтаму дому больш за 100 гадоў. Ён выдатна захаваўся.
Да капітальнага рамонту дом меў выразныя рысы архітэктуры мадэрну. Такія будынкі ў Мінску можна пералічыць па пальцах. За доўгі век дом №5 па вуліцы Кірава неаднаразова мяняў гаспадароў. Паводле некаторых звестак, падчас Першай сусветнай вайны ў ім нават працаваў бардэль.
Цікава, што суд ЕўрАзЭС размесціцца на той жа вуліцы, што і Эканамічны суд СНД, які з 2004 года часова вырашаў эканамічныя спрэчкі па заявах дзяржаваў ЕўрАзЭС.