Сваякі палітвязняў не вераць, што ўлады памілуюць зняволеных
Прадстаўнік Еўрасаюза сустрэўся са сваякамі палітвязняў. Па яго словах, пазіцыя Еўрасаюза наконт беларускіх палітвязняў застаецца нязменнай.
Пра гэтую заяву Гунара Віганда агенцтву БелаПАН паведаміла ўдзельніца сустрэчы Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
Віганд, па словах Халіп, запэўніў, што ЕС не будзе прымаць ніякіх паўмераў у адносінах да беларускай улады ў абмен на вызваленне кагосьці аднаго з палітвязняў. Сваякам палітвязняў ён паабяцаў, што ЕС па-ранейшаму будзе патрабаваць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных.
Нагадаем, што зранку прадстаўнік ЕС сустракаўся з апазіцыйнымі палітыкамі. Па іх словах, Віганд атрымаў абяцанне беларускага МЗС, што бліжэйшымі тыднямі з-за кратаў можа выйсці хтосьці з палітвязняў.
Жонка Змітра Бандарэнкі на сустрэчы з Вігандам не была: акурат сёння яна наведвала магілёўскую калонію, дзе сядзіць яе муж. У каментары Еўрарадыё Вольга Бандарэнка адзначыла, што не спадзяецца на блізкае вызваленне мужа:
Бандарэнка: "Ужо больш за год усё мяне пытаюцца ў станоўчым плане: як вы думаеце, што можа быць? Як магло б быць?.. І столькі ўжо было выказана столькі меркаванняў... Але чамусьці я дагэтуль была перакананая, што не выпусцяць. Дагэтуль, шчыра кажучы, я сумняюся, што адпусцяць".