Якава Навуменку забілі з-за вулічнага скрыпача?

Службовая асоба з  Севастопальскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі на ананімных умовах выклала Еўрарадыё версію гібелі Якава Навуменкі. Па словах чыноўніка, менавіта гэту інфармацыю зараз прапрацоўваюць у міліцыі:

“Ваш Народны артыст гуляў разам з кампаніяй па Прыморскім бульвары, непадалёк ад Плошчы Нахімава. Чамусьці ён пачаў на словах спрачацца з вулічным скрыпачом, той груба адказаў. Пачалася перапалка. На бок скрыпача сталі мясцовыя. І завязалася штурханіна.  Нібыта жорсткай бойкі не было. Але так здарылася, што артыст паваліўся і стукнуўся галавой аб бардзюр…”

Нагадаем, што Народнага артыста Беларусі Якава Навуменку 19 жніўня смяротна траўмавалі ў цэнтры Севастопаля . Роўна праз тыдзень ён памёр у гарадскім шпіталі №1.

Першапачаткова ў інтэрнэце разышлася інфармацыя: “Падчас аднаго з канцэртаў Якаў Навуменка разам з сынам хацеў патрапіць за кулісы сцэны, маўляў, выступаў яго добры знаёмы. А ахоўнік пачаў перашкаджаць нашаму артысту. У выніку завязалася бойка. Якаву Навуменку праламалі чэрап, а яго сыну Ціхану зламалі сківіцу…”

Звязваемся з Сяргеем Царовым, сябрам Ціхана Навуменкі (хлопцы гутарылі незадоўга да нашага тэлефанавання).

Сяргей Цароў: “Ён проста сказаў: “Сяргей, палова таго, што пішуць, — хлусня”. Усё, што я ведаю: Якава Паўлавіча насамрэч забілі. Хто, што, як — не ведаю. Наколькі я зразумеў — там поўная адсутнасць матываў. Збег абставінаў. Спытаўся ў Ціхана: “Ты сам як?” Адказаў: “Я та больш-менш…”

Якаў Навуменка з сынам Ціханам. Фота з сайта odnoklassniki.ru

Севастопальская міліцыя катэгарычна абвяргае інфармацыю пра канцэрт і ахоўніка-забойцу. Пра канфлікт са скрыпачом пакуль таксама нічога не паведамляецца.

“Канфлікт здарыўся 19-га жніўня ў цэнтральным раёне горада на плошчы Нахімава, — паведамляе Еўрарадыё Вольга Ярмоленка, кампетэнтная службовая асоба з Упраўлення Міністэрства ўнутраных спраў па Севастопалі. — У цяперашні час нашым Следчым упраўленнем распачатая крымінальная справа па частцы 1 артыкула 115 крымінальнага кодэкса Украіны (наўмыснае забойства). У гэты вечар там не было ніякага канцэрта, не было ніякага ахоўніка. Гэта проста вялікая плошча ў цэнтры горада. Побач — Графская прыстань, Прыморскі бульвар, вялікая колькасць людзей. Проста здарыўся канфлікт паміж артыстам і нявызначанай асобай”.

Плошча Нахімава, дзе, па інфармацыі з міліцыі, спявак быў

смяротна траўмаваны. Фота з сайта virtual.crimea.ua 

Інфармацыя пра трагедыю, якая здарылася са спеваком, выбухнула толькі тады, калі ён памёр. Да гэтага ўкраінскія праваахоўныя органы не распаўсюджвалі ніякіх прэс-рэлізаў на гэты конт.

Версія пра смерць артыста "з-за неасцярожнасці" таксама не выглядае пэўнай. Яго сын Ціхан таксама быў траўмаваны. Наўрад ці такое магло здарыцца з-за звычайнай штурханіны. 

Якаў Навуменка прыехаў у Севастопаль на адпачынак. Таксама артыст марыў зноўку ўбачыць месцы сваёй армейскай маладосці, бо некалі адслужыў на флоце.

“Са слоў жонкі ведаю, што ён цягніком паехаў наведаць сваякоў, узяў з сабой сына, — кажа артыст Мікалай Скорыкаў. — Хацеў пакупацца ў моры, пабыць у тых месцах, дзе служыў”.


Народнага артыста Якаў Навуменка атрымаў толькі год таму. У яго засталіся жонка, сын-пяцікурснік, дачка (працуе журналісткай на тэлеканале “Еўраньюс”) і двое ўнукаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі