Віцебчука Сяргея Рыжова прымусова прывозілі з бальніцы ў пракуратуру
З гэтай нагоды былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, жыхар Віцебску Сяргей Рыжоў падаў скаргу генпракурору Рыгору Васілевічу.
Былы прэтэндэнт на ўдзел у мінулагодніх прэзідэнцкіх выбарах, віцебчук Сяргей Рыжоў падаў скаргу генпракурору Рыгору Васілевічу. Учора міліцыянты яго схапілі адразу пасля прыёма ў лекара і прымусова прывезлі ў пракуратуру для дачы тлумачэнняў.
"Я абураны як самімі абставінамі майго гвалтоўнага прывозу ў пракуратуру (...), так і бяздзейнасцю па факце маёй скаргі на іх неправамерныя дзеянні", — піша ў скарзе Рыжоў.
На думку Рыжова, на яго працягваюць аказваць псіхалагічны ціск, "які не спыняецца ўжо больш за паўгады".
Нагадаем, за дзень да затрымання Рыжоў праз інтэрнет звярнуўся да беларусаў з прапановай распачаць страйк 3 ліпеня. Мэта страйку — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваленне палітвязняў і правядзенне новых выбараў прэзідэнта.