Ці прададуць сядзібу Радзівілаў за адну базавую велічыню?

БелТА паведамляе, што гістарычныя будынкі будуць аддаваць бізнэсоўцам за адну базавую велічыню (100 тысяч рублёў). Праўда, пры ўмове, што аб’ект не купяць на аўкцыёне. Адпаведны прэзідэнцкі ўказ пакуль не падпісаны. Але Еўрарадыё паспрабавала высветліць, ці гатовыя прадпрыемствы, на чыіх балансах гэтыя аб’екты знаходзяцца, аддаваць іх за адну базавую.

Яшчэ тры гады таму на сайце Мінкульта быў змешчаны спіс з 46 гістарычных аб’ектаў, якія сёння не выкарыстоўваюцца, бурацца, якім шукаюць гаспадароў. У спісе ёсць, напрыклад, сядзіба Радзівілаў у Паланэчцы.

Каля сямі будынкаў ужо прадалі. Напрыклад, дзве старадаўнія стайні ў вёсцы з нетыповай назвай Вораўскага, што ў Барысаўскім раёне. Некалі стайні належалі роду Тышкевічаў.

За які кошт выстаўляліся аб’екты, не паведамляецца. Але сума продажу была суразмерная з фрагментам сядзібы “Двор”, які стварае са стайнямі адну кампазіцыю. У гэты фрагмент уваходзіць будынак старадаўняга спіртзаводу.

Будынак старадаўняга спіртзавода у вёсцы Вораўскага. 

Фота globus.tut.by

Базавай велічынёй і не пахне.

У гэтым годзе мы прайшлі пераацэнку ў “Праектрэстаўрацыі”. Кошт складае 397 мільёнаў 905 тысяч рублёў,— паведамляе Аляксандр Крачкоўскі, намеснік гендырэктара “Папяровай фабрыкі” Дзяржзнака, якой сёння належыць недапрададзены фрагмент сядзібы “Двор”. — З асобай, якая купіць гэты аб’ект, будзе складзена ахоўнае абавязальніцтва. Усе дзеянні з аб’ектам ён будзе праводзіць пасля ўзгаднення з “Праектрэстаўрацыяй”.

Не прададуць за адну базавую і старадаўні павільён “Скарбец”, які ўваходзіць у ансамбль былой сядзібы роду Чапскіх (пасёлак Станькава Мінскай вобласці). Пакуль аб’ект не ацэнены.

"Скарбец" у Станькаве уражвае і сёння. Старадаўні будынак прысутнічае у спісе Мінкульта, хоц у ім ужо сёння праводзяць рамонт. Фота globus.tut.by

Але ж мы ўкладалі ў яго свае грошы. Дзяржава рабіла ўкладанні. Пра адну базавую і гаворкі весціся не можа, — кажуць у мясцовай школе-інтэрнаце, на балансе якой сёння знаходзіцца аб’ект. — Гэта ж такая прыгажосць. Усе, хто да нас прыязджае, фатаграфуюць”.

Затое шанцы выкупіць гістарычны аб’ект за бясцэнак ёсць у вёсцы Багданава Валожынскага раёна, дзе некалі месцілася сядзіба мастака Рушчыца.

Руіны сядзібы Рушчыца. Фота globus.tut.by

"Рэч у тым, што там будынка няма. Проста зямельны ўчастак, дзе калісьці была гэта сядзіба. Проста захаваўся падмурак", — распавядае старшыня мясцовага сельвыканкама Марына Тарасевіч.

Еўрарадыё: І як атрымаць гэты ўчастак?

Марына Тарасевіч: "Каб набыць проста зямлю, вы можаце звярнуцца да нас у сельвыканкам. Але ж гэта не проста зямля, гэта гістарычна-культурная спадчына. Дакладны кошт гэтага аб’екту мне пакуль невядомы”.

 

Падчас мінулагодняга фінансавага крызісу ў Брэсцкай вобласці фірма па вырабе шклопакетаў купіла гістарычную сядзібу роду Пузынаў (вёска Грамяча) у прадпрыемства “Усход-Камянец”.

Сядзіба Пузынаў у Грамячы. Фота globus.tut.by 

Вырашылі ўкласці грошы ў гісторыю (канкрэтная сума не паведамляецца згодна з умовамі кантракту). Але аказалася, што аднаўленне будынка — настолькі нятанная справа, што і цана ў адну базавую за сядзібу не паказалася б бясцэнкам.

“Аб’ект каштаваў нямала, укласці ў яго трэба было таксама вельмі шмат. Кубічны метр рэстаўрацыі выходзіў дзесьці ў тысячу долараў, — распавядае ідэолаг прадпрыемства “Усход-Камянец” Галіна Качаноўская. — Дагэтуль каля будынка толькі падкошваюць траву, больш пакуль нічога не робіцца”.

У сельвыканкаме пасёлка Асвея Віцебскай вобласці хвалююцца, што нават сімвалічная цана ў 100 тысяч рублёў можа выліцца для гаспадара ў фінансавую праблему. У Асвеі зараз прадаюць будынак былога манастырскага шпіталя.

Будынак былога манастырскага шпіталя ў Асвеі. Канец

XVIII стагоддзя. Фота globus.tut.by

Мы за адну базавую Дом быту так прадалі, — распавядаюць Еўрарадыё ў сельвыканкаме. — А потым розныя інстанцыі як накруцілі гэтаму пакупніку цэнаў-афармленняў — дык чалавек падаткі плаціць, а Дома быту, можна сказаць, няма. Развалюха стаіць, і дрэвы на даху растуць. Баюся, што і гістарычны аб’ект могуць за прыгожую базавую велічыню прадаць, а потым руху ніякага не дадуць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі