У Мінску залатыя зубы ставяць даўно, а ў Баранавічах толькі хочуць

130325_savich_zuby.mp3

У Баранавічах хочуць аднавіць пратэзаванне зубоў золатам. Кажуць, гэта будзе танней за звычайную металакераміку. 


“Кошт будзе складацца з цаны за золата і плюс праца. У нас металакераміка каштуе 500 тысяч рублёў", — кажуць у стаматалогіі № 2 Баранавічаў. Але дакладныя кошты не агучваюць: маўляў, толькі пасля атрымання ліцэнзіі на працу з каштоўнымі металамі.

Як нечакана даведалася Еўрарадыё, залатыя пратэзы без праблем ставяць і сёння — у мінскай стаматалагічнай паліклініцы № 9:

"Залатая каронка — ад 450 да 850 тысяч рублёў плюс ваш матэрыял, якога ў поўным аб'ёме хапіла б на выраб пратэзу". 


Кажуць і пра прыкладную вагу золата на зуб — ад 0,5 да 1,5 грама. Падлічваю, што грам золата (447 тысяч рублёў за грам у Нацбанку) плюс праца — і адзін залаты пратэз пацягне мінімум на 100 баксаў! І дзе тут танней? Бо кошт металакерамічнай пласціны ў той жа паліклініцы — ад 750 тысяч рублёў.

У рэгістратуры гэтай жа паліклінікі чую, што працэдура з золатам непапулярная:

“Гэты накірунак стратны. 23-24 чалавекі ў месяц прыходзіць. А на металакераміку — столькі ж у дзень”. 

На думку стаматолагаў, параўноўваць залатыя каронкі і металакерамічныя некарэктна, бо ёсць медыцынскія паказанні на выкарыстанне менавіта золата як гіпаалергеннага металу. 

Але дэкан стаматалагічнага факультэта Сяргей Пархамовіч заўважае Еўрарадыё, што золата як матэрыял для пратэзаў аджыло сябе, хоць у любым выпадку ўлічваюцца ўсе фактары.

“Металакерамічная каронка адказвае патрабаванням эстэтыкі і ў прынцыпе аднаўлення працэсу жавання. Кожны пацыент зацікаўлены, каб гэта было прыгожа і не выдзялялася. Залатая каронка, нічога не скажаш, у гэтым плане прайграе — яе бачна здалёк. Але ёсць сітуацыі, калі алергія, тады трэба ставіць золата або безметалавую кераміку”.

Залатыя каронкі — гэта і дорага, і не эстэтычна. Дык навошта тады яны Баранавічам?

У баранавіцкай стаматалогіі № 2 чую адказ, што попыт ёсць:

"Асабліва сярод сталых людзей", — радуюць наяўнасцю багатых пенсіянераў.

Як даведалася Еўрарадыё, продажы мерных зліткаў у цэнтральным аддзяленні "Беларусбанка" ў Баранавічах у лютым-сакавіку нават упалі:

“Два-тры разы на тыдзень купляюць, па 5-10 грамаў”.

Калі ў Баранавічах адкрыюць пратэзаванне золатам, пад пагрозай будуць усе 33 тоны золатавалютных запасаў Беларусі. Дарэчы, на зубы ўсіх беларусаў, паводле нашых падліках, залатога запасу не хопіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі