У беларусаў дома ў панчохах грошай у два разы больш, чым золата ў Нацбанку
На руках у беларусаў знаходзіцца 11 мільярдаў долараў. Нават на банкаўскіх укладах ляжыць усяго 5 мільярдаў.
Такую лічбу днямі агучыў старшыня Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч. Такім чынам, у насельніцтва грошай больш, чым у дзяржавы. Калі б гэтыя сродкі былі своечасова накіраваныя ў банкаўскую сістэму, сённяшняга крызісу можна было б пазбегнуць, лічаць эксперты.
Нацбанк тлумачыць сітуацыю наступным чынам:
“Насельніцтва купляе вельмі шмат валюты. За мінулы год з золатавалютных рэзерваў купілі 1,5 мільярды долараў, а за сакавік гэтага года — 500 мільёнаў долараў. Насельніцтва працягвае купляць валюту, ствараючы яе дэфіцыт. Сёння на руках у беларусаў 11 мільярдаў долараў”.
Для параўнання, золатавалютны запас краіны — усяго 4 мільярды долараў. А на банкаўскіх укладах ляжыць меней за 5 мільярдаў. Кажа начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Анатоль Драздоў:
“Вы ўлічвайце, што ў нас 4,7 мільярды ляжыць на ўкладах. Я ведаю, што ва ўкладах, калі браць валюту — у эквіваленце каля 5 мільярдаў ёсць… Гэта рэальная, падлічаная лічба”.
Анатоль Драздоў лічыць, што лічба ў 11 мільярдаў долараў — цалкам магчымая.
Анатоль Драздоў: “У прынцыпе, такое магчыма. Чаму б і не? Вы паглядзіце на нашыя двары, колькі там стаіць машынаў, і ўявіце, колькі яны каштуюць, колькі на іх патрачана грошай”.
Скупіўшы ўсю валюту, людзі працягваюць набываць залатыя зліткі… Нацбанк знайшоў “зручнае” тлумачэнне такой сітуацыі. Кажа, што беларусы — багаты народ…
“Якой краіне дрэнна, калі яе насельніцтва багатае? Любой краіне ад гэтага толькі карысць, не важна, якія гэта грошы — долары або рублі… Грошы збіраюць дзеля таго, каб іх з часам патраціць. Рана ці позна гэтыя грошы выходзяць на рынак і, адпаведна, задавальняюць патрабаванні грамадзянаў”.
Прыкладна тое ж самае кажа і дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Нікіценка:
“І што з гэтага? Якая розніца, дзе яны ляжаць — ці то ў золатавалютных запасах, ці то ў запазычанасцях, ці то ў скарбонках у насельніцтва… Галоўнае, каб яны былі ў наяўнасці”.
Але эканаміст Дзмітрый Крук упэўнены, што калі б гэтыя грошы своечасова былі накіраваныя ў банкаўскую сістэму, то сённяшніх праблемаў можна было б пазбегнуць:
“Тут трэба казаць пра страчаныя магчымасці палепшыць сучасны стан эканомікі. Бо калі б гэтыя грошы былі накіраваныя ў банкаўскую сістэму і галоўнае — калі б насельніцтва іх абмяняла на беларускія рублі, то, безумоўна, гэта быў бы вельмі спрыяльны рэсурс для працы беларускай эканомікі. Мы б нават не гаварылі пра тыя праблемы, якія нас напаткалі сёння”.
З пункту гледжання сённяшняга дня небяспекі няма. Адзін з найгоршых сцэнарыяў ужо рэалізаваўся, працягвае Дзмітрый Крук:
“Насельніцтва ашчаджае грошы менавіта ў замежнай валюце і менавіта ў выглядзе наяўных грошай, а не дэпазітаў у банку”.
Еўрарадыё: Калі б цяпер гэтыя грошы ўсё ж такі пайшлі ў эканоміку, ці магла б выправіцца сітуацыя? Ці не позна яшчэ?
Дзмітрый Крук: “Безумоўна. Гэта найбольш важны рэсурс для эканомікі. Ён не цягне за сабой запазычанасцяў, гэта не знешні доўг, яго можна выкарыстоўваць. Але адзінае, што для яго выкарыстання патрэбна, — пераканаць насельніцтва ў надзейнасці манетарнай палітыкі, якая праводзіцца, у надзейнасці беларускай валюты”.
Еўрарадыё: Якім чынам можна пераканаць людзей і выцягнуць з іх гэтыя грошы?
Дзмітрый Крук: “Неабходна стабілізаваць чаканні насельніцтва, бо сёння занадта вялікія дэвальвацыйныя чаканні, чаканні інфляцыі і г.д. Нацбанк і не толькі ён павінны зрабіць захады, каб людзі не чакалі росту цэнаў. Гэта пытанне эканамічнай палітыкі і даверу насельніцтва да яе”.
Ёсць і тыя, хто ў лічбу 11 мільярдаў долараў не верыць. Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч кажа, што такое немагчыма:
“Я лічу, што столькі грошай у насельніцтва ў кашальках няма. Гэта памылковая ацэнка. Калі і было ў насельніцтва, то яны дзесьці ляжаць… У банках Беларусі або, калі даверу няма, то ў банках Літвы ці Польшчы, Расіі…”