У Брэсце праходзяць стыхійна-планавыя спаборніцтвы па веславанні?

Мерапрыемства, якое праходзіць 28-29 красавіка, не мела аніякіх анонсаў у СМІ. Нават афіцыйны сайт Вяслярнага каналу праігнараваў гэтую падзею.

Каб даведацца пра парадак правядзення спаборніцтваў, спартовым аглядальнікам прыйшлося тэлефанаваць непасрэдна да судзейскай калегіі. Але і тут іх чакала "арганізатарская анархія": замест заяўленнага заканчэння першага дня кубку а 19.30 заплывы правялі... раніцай. Ні журналістаў, ні гледачоў пра гэта ніяк не папярэдзілі.

Са словаў спартовага аглядальніка і рэдактара сайту sportbrest.com Алеся Леўчука, такое стаўленне арганізатараў да сваіх жа мерапрыемстваў ужо стала тэндэнцыяй.

“Арганізацыя жудасная! На маю думку, яе няма наогул. Я проста не ведаю, для каго яны праводзяць гэтыя спаборніцтвы. Паглядзіш на трыбуны: амаль ніводнага заўзятара, — кажа Алесь Леўчук. — Гэта такая рэч "сама ў сабе", на якую трацяцца велізарныя грошы. А ў выніку: ўсё патрэбна толькі спартовым чыноўнікам і самім спартоўцам”.
 
У той жа дзень ў Брэсце была яшчэ адна даволі дзіўная сітуацыя. На Вяслярным канале праходзілі адначасова 3(!) мерапрыемствы: ужо ўзгаданае веславанне, адкрыты кубак Беларусі па плаванні і турнір па лёгкай атлетыцы. Як пры такіх умовах працаваць журналістам, застаецца толькі здагадвацца, таксама дадаў Ляўчук.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі