У Кіеве пакуль не пацвярджаюць візіт Лукашэнкі
У Кіеве праходзіць саміт па ядзернай бяспецы, прымеркаваны да 25-й гадавіны з дня чарнобыльскай катастрофы.
Нагадаем, украінскі бок запрашаў і Аляксандра Лукашэнку. Але пасля фактычнага ультыматуму прэзідэнта Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу Украіна вымушаная была перагледзець склад запрошаных. Прысутнасць Барозу на саміце больш важная, калі ёсць неабходнасць сабраць дадатковыя грошы на дабудову саркафагу над аварыйным чацвёртым блокам Чарнобыльскай АЭС.
Удзел Аляксандра Лукашэнкі ў кіеўскіх мерапрыемствах да апошняга часу застаецца інтрыгай. Ва ўладных калідорах Кіева нейкі час казалі пра магчымасць "развесці" Барозу і Лукашэнку па розных падзеях. Пазней з'явілася інфармацыя, што візіт беларускага прэзідэнта ва Ўкраіну перанеслі на 26 красавіка.
Дарэчы, якраз напярэдадні кіраўнікі адміністрацый прэзідэнта Украіны і Расіі Сяргей Лёвачкін і Сяргей Нарышкін абмяркоўвалі дэталі візіту Дзмітрыя Мядзведзева ва Ўкраіну для ўдзелу у чарнобыльскіх мерапрыемствах. Пэўныя крыніцы пацвярджаюць, што гаворка ішла пра магчымасць арганізаваць "сустрэчу ўтраіх" – кіраўнікоў Беларусі, Расіі ды Украіны. Аднак афіцыйна гэтую інфармацыю не разгалошваюць. Пэўна, канчатковага адказу яшчэ не даў і афіцыйны Мінск.
"Я чакаю абноўленую інфармацыю. У нас яе пакуль што няма, наколькі я памятаю", – заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Украіны Аляксандр Дыкусараў.
Па выніках донарскай канферэнцыі, больш за 30 краін паабяцалі даць Украіне 550 з 740 мільёнаў еўра, неабходных для завяршэння будаўніцтва саркафагу на ЧАЭС.