У Магілёве за прадпрымальніцу заступіліся толькі два чалавекі
Абласны гаспадарчы суд прыняў пастанову аб аднаўленні Людмілы Крыловіч на працоўным месцы ў мясцовым гандлёвым цэнтры "Прэстан".
Год таму з ёй не працягнулі дамову на арэнду гандлёвай плошчы. Людміла Крыловіч кажа, што яе так пакаралі ў тым ліку і за тое, што яна актыўна абараняла правы прадпрымальнікаў, выступала на іх леташнім сходзе.
У выніку, яна засталася без працоўнага месца, згубіла грошы. Год сям'я "пражыла ў жабрацтве", кажа ў гутарцы з Еўрарадыё Людміла Крыловіч:
"Два чалавекі ў горадзе заступіліся за прадпрымальніка. Гэта — юрыст, а другі — суддзя, якая разабралася. Усе астатнія службы мяне тапілі, як маглі".
У адказчыкаў яшчэ будзе 15 дзён на тое, каб падаць апеляцыю. Калі ж гэтага не адбудзецца, то з Людмілай Крыловіч у снежні павінны заключыць новую дамову арэнды.
На здымку: Плакат над вітрынамі ў гандлёвым цэнтры ў Віцебску падчас акцыі пратэсту мясцовых прадпрымальнікаў, 2004 г. Фота — bymedia.net