У мінскім офісе Радыё Рацыя прайшоў ператрус, канфіскаваныя кампутары
Журналіста Генадзя Барбарыча адпусцілі без складання пратаколу.
Міліцыянты абыходзілі кватэры, што знаходзяцца побач з плошчай Перамогі, дзе павінна адбывацца рэпетыцыя парада да 9 траўня, і натрапілі на офіс радыёстанцыі. Як вядома, у Беларусі Радыё Рацыя не мае акрэдытацыі.
Журналіст Генадзь Барбарыч адчыніў дзверы кватэры. Пасля таго, як міліцыянты пабачылі лагатыпы радыёстанцыі, яны выклікалі дапамогу з Цэнтральнага РУУС. Агулам у кватэры і каля яе знаходзіліся каля дзесяці міліцыянтаў.
Прайшоў ператрус, былі забраныя два кампутары, інфармуе сайт racyja.com. Вось што распавёў Генадзь Барбарыч: "Яны прайшлі недзе каля 19.30. Мне здаецца, што быў звычайны абыход перад парадам 9 мая. Тут і зараз адбываецца вайсковая рэпетыцыя. Я адчыніў дзверы. Адразу не сказаў, што мы журналісты. Яны спачатку сыйшлі. А затым праз некалькі хвілінаў вярнуліся і сказалі, што хочуць агледзець памяшканне. Сказалі, што нібыта з боку суседзяў ёсць нейкія прэтэнзіі. Хаця гэта і няпраўда, бо ў нас тут заўжды ціха і спакойна.
Яны пачалі глядзець газеты, кнігі, якія ёсць на офісе. Іх увагу зачапілі кнігі, якія выдала “Вясна” пра Плошчу-2010. І тады яны пачалі ўсё пільна аглядаць. І патэлефанавалі свайму кіраўніцтву з Цэнтральнага РАУС, якое неўзабаве прыехала на чале з намеснікам начальніка Анатолем Шахлаем. Іх тут было чалавек восемь-дзевяць. Вынеслі кампутары нашы – нэтбук і кампутар. Тады я ім сказаў, што я журналіст. Яны неяк змянілі сваё стаўленне да мяне. Таму што спачатку ставіліся досыць агрэсіўна. Пратакол на ізыманне тэхнікі складаўся. Я яго падпісаў. Сказалі, што бяруць на праверку.
Тут адбыўся сапраўдны ператрус, хаця і без санкцыі пракурора. Супрацоўнік міліцыі на маю заўвагу сказаў, што, маўляў, яго цікавіць, што тут ёсць у нас, і гэта, маўляў, не ператрус. Пераглядзелі ўсе паперы, нататнікі, праўда, мае асабістыя рэчы не кранулі. Частка міліцыянтаў была ў форме, пару чалавек былі ў цывільным. Я не выключаю, што былі і супрацоўнікі КДБ. На мяне асабіста ніякага пратакола не складалася. Толькі апыталі, што я рабіў у гэтым памяшканні. Яны сказалі, што гэта была выпадковасць, быў звычайны абыход".
Фота — bymedia.net