У Мінску і Нью-Ёрку развіталіся з маці Зянона Пазьняка

У панядзелак 23 красавіка пахавалі маці Зянона Пазьняка Ганну Яўхімаўну Пазьняк. Развітацца з ёй у Мінску прыйшлі нешматлікія сваякі, сябры КХП-БНФ і асабістыя сябры яе сына.



Сам Зянон Пазьняк на развітанне з маці прыехаць не здолеў. Прычыны, кажа намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, зразумелыя – гэта небяспечна.

Юрась Беленькі: “Я з ім сёння размаўляў ноччу. Зразумела, у чалавека вялікі боль. Гэта словамі, безумоўна, цяжка перадаць. У Нью-Ёрку была замоўлена ў беларускай царкве служба, паніхіда. Адзінае, як веруючаму чалавеку, яму лягчэй – ён ведае, што на зямным жыцці ўсё не заканчваецца – гэта толькі этап. І ёсць вера, што жанчына, якая верыла ў Бога і па-хрысціянску ўсё жыццё пражыла – яна сёння з Госпадам. Гэтыя чыннікі даюць супакой Зянону Станіслававічу. Але больш у яго словах адчуваецца – што ён не можа быць тут”.




Па словах сваякоў, Ганна Яўхімаўна да апошняй хвіліны верыла, што пабачыць сына не ў Варшаве, дзе яны мусілі сустракацца апошнія гады, а на Радзіме.

На дзіва, на грамадзянскую паніхіду па Ганне Пазьняк не прыйшоў ніводзін з былых паплечнікаў лідара Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка. Як не было на гэтым развітанні і нікога з дзеючых палітыкаў іншых партый. Самай заўважнай асобай сярод прысутных быў экс-памочнік Генадзя Карпенкі Валерый Костка. Жаданне выказаць спачуванні чалавеку, якога ён даўно паважае, прымусіла Костку прыехаць у сталіцу з вёскі, дзе ён зараз жыве.

Валеры Костка: “У 1993 годзе, 16 сакавіка я ўступіў у Рух Беларускага Народнага Фронту “Адраджэнне”. Я падтрымліваю Зянона Пазьняка, як носьбіта ідэі вольнай, незалежнай Беларусі. Я лічу, што гэта адзін з самых выдатных сыноў Беларусі, які можа шчыра казаць  пра тое, што нам патрэбна. Я з ім цалкам згодны і таму палічыў неабходным выканаць свой абавязак грамадзяніна і развітацца з маці Зянона Пазняка”.

Жанчына не дажыла да свайго 90-годдзя літаральна некалькі дзён. Пахаваюць яе на малой радзіме – у Суботніках.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі