У Мінску затрымалі офіснага злодзея
35-гадовы мінчанін пад выглядам пошуку працы наведваўся ў офісы розных фірмаў.
Размаўляючы аб перспектывах працаўладкавання, ён выглядаў магчымую здабычу. Калі сыходзіў, то з офісаў знікалі мабільныя тэлефоны, малагабарытная аргтэхніка і іншыя рэчы.
Праваахоўнікі правялі аналіз сістэм відэаназірання, якімі былі абсталяваныя некаторыя з офісаў. На падставе наяўных матэрыялаў аператыўнікі правялі адборку раней судзімых і выявілі некалькіх чалавек, што падыходзілі па прыкметах. Так і выйшлі на падазраванага. Пры ператрусе па месцы жыхарства міліцыя знайшла ў мужчыны частку скрадзенага.
Затрыманы патлумачыў свае ўчынкі тым, што краў, каб дастаць грошы на наркотыкі. Цяпер яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі, інфармуе БЕЛТА.