У Слуцку пройдзе акцыя на ўгодкі тэракту ў мінскім метро
Яе арганізуюць мясцовыя ўлады.
Грамадска-культурная акцыя "Зберагчы Беларусь для будучыні" прысвечана трагічным старонкам найноўшай гісторыі Беларусі. Акрамя тэракту ў метро будзе згаданая чарнобыльская катастрофа. Як паведамляе БЕЛТА, у слуцкім гарадскім доме культуры 11 красавіка мусяць сабрацца не менш за 500 маладых людзей з Мінскай вобласці.
Нагадаем, што выбух у сталічным метро прагрымеў 11 красавіка летась. Праз два дні былі арыштаваныя падазраваныя у яго арганізацыі — ураджэнцы Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. У канцы лістапада суд прызнаў іх віну і прыгаварыў да смяротнага пакарання. 15 сакавіка 2012-га яны былі расстраляныя.
У выніку тэракту загінула 15 чалавек, некалькі соцен былі параненыя. Дагэтуль праходзяць лячэнне чатыры чалавекі. 11 красавіка ў Мінску адкрыюць помнік ахвярам тэракту.
Фота — bymedia.net