У Таліне адкрылі выставу, прысвечаную падзеям у Мінску 19 снежня (фота)

Фотавыстава Андрэя Дубініна, прысвечаная Беларусі, адкрылася ў талінскім Музеі акупацыі. Яна называецца "Лісты: мужнасць і боль" і паказвае сваякоў тых, хто выйшаў пратэставаць на вуліцы Мінска 19 снежня і апынуўся за кратамі.

Частка экспазіцыі. Фота: Еўрарадыё

Музей акупацыі, дзе размесцілася выстава, расказвае пра савецкае і нацысцкае паняволенне Эстоніі. Фота: Еўрарадыё

На адкрыцці прысутнічалі жонка зняволенага Дзмітрыя Бандарэнкі, маці Эдуарда Лобава, які таксама па сёння знаходзіцца за кратамі, а таксама маці вызваленага Мікіты Ліхавіда.

Вольга Бандарэнка і Алена Ліхавід. Фота: Ilmar Saabas, Delfi.ee

"Я бачыла мужа ў карцары КДБ, і там ён некалькі гадзін быў прыкаваны, на ланцугу. Мы да гэтага нават не ведалі, што ў турме КДБ ёсць карцар", – Вольга Бандарэнка расказала эстонскай аўдыторыі пра турэмныя жахі.

Маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава бачыла свайго сына ў турме ў сярэдзіне кастрычніка. Яна кажа, што сын на здароўе не скардзіцца. Ён жартуе, што ў арміі, дзе да гэтага служыў, умовы былі не лепшыя.

Марына Лобава: "Сказаў, што падпісваць нічога не буду. Адседжу ўсе 4 гады, калі спатрэбіцца, да наступных выбараў. Гэта, канечне, цяжка, але я б сама не пайшла на здзелку з сумленнем, не прапанавала б яму пісаць выбачэнне. Ды і няма за што!"

З трох жанчын маці Мікіты Ліхавіда самая шчаслівая – яе сын ужо на волі. Мікіта папраўляе здароўе, займаецца спортам і збіраецца наведаць Германію па запрашэнні дэпутата Бундэстага. А яшчэ спрабуе ўзнавіцца ў Інстытуце кіравання.

Алена Ліхавід: "Але ці пойдуць яны на тое, каб яго ўзнавіць?.. Як кажа сам Мікіта: “Я даў рады з начальнікам калоніі, дам рады і з дэканам факультэта".


Выстава прабудзе ў талінскім музеі некалькі месяцаў. 7-га снежня такая ж экспазіцыя акрыецца і ў Еўрапарламенце.

Экспанаты музея акупацыі:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі