У Віцебску акцыя памяці ахвяраў мінскага выбуху скончылася затрыманнямі
Плошча Перамогі, дзе дамовілася сабрацца віцебская моладзь, паўгадзіны была ў міліцэйскім ачапленні. Двух чалавек затрымалі.
Як паведамляе Радыё "Свабода", праз сацыяльныя сеткі моладзь дамовілася сабрацца і ўскласці кветкі каля сімвалічнага знаку геаграфічнага цэнтру Віцебску. Аднак супрацоўнікі міліцыі пагражалі затрымаць ўсіх, хто будзе ладзіць "акцыю" — менавіта так яны назвалі ўскладанне кветак.
Моладзь перайшла на другі бок плошчы, да Вечнага агню, дзе амаль няма мінакоў. Сярод тых, хто прыйшоў ушанаваць памяць ахвяраў выбуху ў мінскім метро, была Таццяна Кавалёва, сястра расстралянага Уладзіслава Кавалёва. Калі людзі ўсклалі кветкі, пад'ехаў міліцэйскі "ўазік". Міліцыянты затрымалі мужчыну з фотаапаратам і хлопца.
Абодвух затрыманых адпусцілі пасля "прафілактычнай гутаркі" пра недапушчальнасць удзелу ў несанкцыяваных акцыях.