У авіякатастрофе загінулі Руслан Салей і Сяргей Астапчук
Пад Яраслаўлем разбіліся хакеісты “Лакаматыва”, якія ляцелі ў Мінск на матч супраць “Дынама” (АБНАЎЛЯЕЦЦА, ФОТА+ВІДЭА)
19.12 Лекары абверглі паведамленне пра смерць хакеіста Галімава
Папярэдне паведамлялася, што ён памёр у рэанімацыі. Аднак суразмоўца "Газеты.Ru" у клініцы імя Салаўёва абверг паведамленне пра смерць Аляксандра Галімава.
19.01 Расійскія СМІ публікуюць спіс тых, хто быў на борце самалёта Як-42
Пасажыры:
Анікеенка Віталь Сяргеевіч
Бахвалаў Юры Аляксеевіч
Бяляеў Аляксандр Уладзіміравіч
Баландзін Міхаіл Юр'евіч
Васюкоў Аляксандр Сяргеевіч
Вашиычак Ёзэф
В'юхін Аляксандр Яўгенавіч
Дзітрых Роберт Генрыхавіч
Дзямітра Павол
Зімін Андрэй Валер'евіч
Калімулін Марат Натфулавіч
Карпоўцаў Аляксандр Георгіевіч
Калянін Аляксандр Ігаравіч
Кірухін Андрэй Анатолевіч
Клюкін Мікіта Сяргеевіч
Каралёў Ігар Барысавіч
Крываносаў Мікалай Іванавіч
Кунноў Яўген Генадзевіч
Кузняцоў Вячаслаў Міхайлавіч
Ліў Стэфан Даніэль Патрык
Марэк Ян
МакКрыман Брэд Байран
Астапчук Сяргей Ігаравіч
Піскуноў Уладзімір Леанідавіч
Рахунэк Карэл
Салей Руслан
Сідараў Яўген Уладзіміравіч
Скрасціньш Карліс Марцінавіч
Снурніцын Павел Сяргеевіч
Собчанка Данііл Яўгенавіч
Ткачэнка Іван Леанідавіч
Траханаў Павел Сяргеевіч
Урычаў Юры Алегавіч
Чурылаў Генадзь Станіслававіч
Шувалаў Максім Аляксеевіч
Ярчук Арцём Мікалаевіч
Экіпаж:
Саломенцаў Андрэй Анатолевіч, камандзір
Жывелаў Ігар Канстанцінавіч, 2-і пілот
Жураўлёў Сяргей Васільевіч, бортмеханік
Сарматава Алена Аляксандраўна, бортправаднік
Максумава Надзея Мурзафараўна, бортправаднік
Шавіна Алена Міхайлаўна, бортправаднік
Мацюшын Уладзімір Юр'евіч, бортмеханік
Выжылі:
Сізоў Аляксандр Барысавіч, бортправаднік
Галімаў Аляксандр Сяргеевіч, хакеіст (памёр у рэанімацыі)
18.42 Адзіны хакеіст, які выжыў падчас авіякатастрофы сканаў у рэанімацыі
Пра смерць Аляксандра Галімава паведамляе Газета.ру. Ён адзіны з выжылых хакеістаў "Лакаматыва". Гэтыя звесткі нібыта паведамілі сваякі спартоўца.
Галімаў трапіў у рэанімацыю ў вельмі цяжкім стане, ён меў 80% апёкаў на целе.
Цяпер у лякарні знаходзіцца яшчэ адзін чалавек з Як-42 — бортінжынер Аляксандр Сізоў. Ён знаходзіцца ў аперацыйным аддзяленні з пераломамі сцягна, чэрапа і апёкамі.
17.57 Беларускія хакеісты Руслан Салей і Сяргей Астапчук загінулі ў авіякатастрофе. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў МНС Расіі.
Так выглядаў самалёт "Лакаматыва"
Фота: AP
17.28 Паводле непацверджанай інфармацыі, хакеіста Руслана Салея не было на борце самалёта, які разбіўся пад Яраслаўлем. Як адзначае Чемпионат.com, хакеіст мог чакаць каманду ў родным Мінску.
Фота: lifenews.ru
17.06 Амбасада высвятляе, ці загінулі ў авіякатастрофе беларускія хакеісты
Гэтае пытанне высвятляе беларуская амбасада ў Маскве.
Дыпламаты трымаюць сувязь з аператыўным цэнтрам Мінстэрства па надзвычайных сітуацыях Расіі, інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, за хакейны клуб "Лакаматыў" выступаюць беларусы Руслан Салей і Сяргей Астапчук.
Фота: championat.com
17.01 Яраслаўскі журналіст Антон Туманаў з месца падзеяў:
Туманаў: Мы былі на месцы катастрофы. Яно ачэплена, на месцы працуюць выратавальнікі, пажарныя, МНС, ФСБ і іншыя сілавыя структуры. Катастрофа адбылася прыблізна ў 16:00 ці ў 16:02 пры ўзлёце. Самалёт набіраў вышыню і нечакана зваліўся дзесьці ў пяцістах метрах ад узлётна-пасадачнай паласы. Пры гэтым пашкодзіў пасадачныя агні, будынак, у якім размяшчалася абсталяванне па курсавым суправаджэнні самалётаў у аэрапорце Тулошна. Зусім нядаўна мы звязаліся з галоўным лекарам Яраслаўскай бальніцы хуткай дапамогі, які паведаміў, што да яго даставілі двух чалавек, якія выжылі. Гэта нападнік Аляксандр Галімаў і бортінжынер самалёта Як-42 Аляксандр Сізоў.
Еўрарадыё: Саміх журналістаў на месца здарэння не пускаюць? Вы сказалі, што месца падзення самалёта ачэплена.
Туманаў: Ачэплена міліцэйскім кардонам, які там знаходзіўся літаральна зранку, бо ў нас праходзіць у гэтыя дні Міжнародны палітычны форум, таму ў Тулошне быў узмоцнены рэжым аховы. Дастаткова хутка было арганізавана ачапленне. Зараз адзін з нашых супрацоўнікаў знаходзіцца на месцы падзей. Яму ўдалося абыходнымі шляхамі прабрацца да месца падзення самалёта. Фактычна, на беразе Волгі бачыць хвост, абломкі фюзеляжа.
16.56 Па звестках расійскіх СМІ, самалёт не змог набраць вышыню і сутыкнуўся з антэнай маяка. Гэта і стала прычынай катастрофы. На месцы катастрофы знойдзеныя целы 26 ахвяраў, паведамляе РІА "Новости".
16.46 У яраслаўскай больніцы імя Салаўёва карэспандэнту Еўрарадыё пацвердзілі, што выжыў хакеіст Аляксандр Галімаў і бортінжынер Аляксандр Сізоў.
16.37 Стала вядома, што выжыў расійскі хакеіст Аляксандр Галімаў. Па звестках расійскіх СМІ, выжылі два чалавекі.
Як-42 разбіўся ў двух кіламетрах ад аэрапорта Тулошна ў Яраслаўлі. Самалёт ляцеў з Яраслаўля ў на матч у Мінск. На яго борце было 37 чалавек, у тым ліку чатыры чальцы экіпажа. Паведамляецца, што адзін чалавек з 37 выжыў, астатнія 36 загінулі.
Прычыны катастрофы высвятляюцца. На месца выехалі выратавальнікі і прадстаўнікі ўсіх аператыўных службаў.
Матч паміж яраслаўскім "Лакаматывам" і мінскім "Дынама" мусіў адбыцца 8 верасня. У расійскім клубе гуляюць беларускія хакеісты — Руслан Салей і Сяргей Астапчук. Ці былі яны на борце самалёта, пакуль не вядома.
РУСЛАН САЛЕЙ. ДАВЕДКА
Ветэран беларускай зборнай Руслан Салей перайшоў у Лакаматыў з НХЛ толькі ў ліпені гэтага года. Кантракт з яраслаўскім клубам ён падпісаў толькі на год.
Выхаванец мінскай СДЮШАР-12 дэбютаваў у дарослым хакеі ў 18 гадоў у складзе каманды “Цівалі”, якая на пачатку 1990-х выступала ў Міжнацыянальнай Хакейнай Лізе. Асноўная частка кар'еры Руслана прайшла ў Паўночнай Амерыцы. У прыватнасці, у НХЛ ён выступаў за Анахайм, Фларыду, Каларада і Дэтройт. У 2003 годзе разам з Анахаймам Салей дайшоў да фіналу Кубка Стэнлі. Руслан правёў 912 матчаў рэгулярнага сезона НХЛ, у якіх набраў 204 (45+159) балы.
Разам са зборнай Беларусі Салей выступіў на трох Алімпіядах і шасці чэмпіянатах свету ў элітным дывізіёне. У 2003 і 2004 гадах быў прызнаны лепшым хакеістам Беларусі.
Апошнія гады Руслан Салей разам з жонкай Бэтан жылі у сваім доме ў Каліфорніі. У іх трое дзяцей. Самая малодшая — дачка Ава, якая нарадзілася сёлета ў сакавіку.
СЯРГЕЙ АСТАПЧУК. ДАВЕДКА
Сяргей Астапчук нарадзіўся 19 сакавіка 1990 года ў Наваполацку. Кар’еру пачаў у мясцовым “Хіміку”, пасля чаго пераехаў у Маскву, дзе выступаў за “Дынама” і “Спартак”. Тамсама атрымаў і расійскае грамадзянства. Гуляў у “Лакаматыве” з 2009 года. Калі ў Яраслаўль перайшоў Салей, перадаў абаронцу свой 24-ы нумар. Астапчук збіраўся выступаць за зборную Беларусі. Падчас матчу ў Мінск ён мусіў сустрэцца з трэнерам нашай нацыянальнай каманды Кары Хейкіля.